Санітарны лікбез: на прамой линіі «ЛВ» працаваў галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў

Ці ёсць кляшчовая небяспека ў горадзе, чаму не варта купляць выпечку «з рук» і ці можа пральны парашок у магазіне стаяць побач з шакаладнымі батончыкамі? На гэтыя і іншыя пытанні чытачоў «Ляхавіцкага весніка» адказаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій ЦІХАНАЎ падчас прамой тэлефоннай лініі.

– Набліжаецца лета – пара пікнікоў і адпачынку на свежым паветры. Падкажыце, калі ласка, на якіх тэрыторыях найбольшая небяспека падхапіць кляшча, наогул, як засцерагчыся ад гэтых насякомых?
Ксенія.

– З кляшчамі мы вядзём вайну кожны год. Летась у раёне ад іх пацярпелі 145 чалавек, у дзевяці пацвердзіўся дыягназ лайм-барэліёз. Сёлета за медыцынскай дапамогай з прычыны ўкусаў кляшчоў у раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі пакуль ніхто не звяртаўся.
Сваё «паляванне» кляшчы вядуць у высокай траве або ў хмызняках. Мы даследуем тэрыторыі і разам з камунальнай службай апрацоўваем зоны адпачынку. «Злавіць» кляшча можна і на ўласным падворку. Найлепшы спосаб сябе засцерагчы – пакос травы і ўборка смецця на тэрыторыі.
Калі вы адпраўляецеся ў лес, трэба «правільна» апрануцца: адзенне шчыльна запраўце і зашпіліце. А пасля вяртання вопратку лепш за ўсё вытрасці. І абавязкова праверце, ці не прысмактаўся клешч да цела. Калі ж гэта здарылася, кляшча акуратна выдаліце ці звярніцеся ў медыцынскую ўстанову. Лячэнне, якое зніжае рызыку развіцця захворванняў, павінна быць пачата не пазней чым праз 72 гадзіны з моманту ўкусу кляшча.
Раней даследаванне насякомага на перанос інфекцыі рабілася ў любым выпадку, цяпер – толькі па накіраванні ўрача. Калі вы хочаце самі даследаваць крывасмока, то гэтая паслуга будзе платнай. Акажуць яе ў Баранавіцкім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Кошт даследавання на наяўнасць узбуджальніка лайм-барэліёзу – 11 рублёў 57 капеек.

– Віталій Дзмітрыевіч, падкажыце, ці можна дома займацца вырабам і продажам выпечкі (тартоў, пірагоў, піражкоў)? Часта бачу аб’явы ў сацыяльных сетках, але баюся, што такія пірагі могуць нашкодзіць.
Марыя.

– З пункту гледжання прадпрымаль-ніцтва – так: прадаваць сваю выпечку можна. Але рабіць гэта трэба строга на рынку, у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах.
Што тычыцца продажу піражкоў і іншай выпечкі праз інтэрнэт або з рук, то з моманту, калі вы купляеце, напрыклад, піражок у бабулі, адказнасць за сваё здароўе несяце вы самі. Калі ў буйных сетках або крамах мы сочым за якасцю сыравіны, тэмпературнымі нормамі захоўвання прадуктаў, то вытворцы хатняй выпечкі такіх гарантый не даюць.
Да таго ж нельга дакладна сказаць, ці не хварэе повар на туберкулёз, ці не з’яўляецца разносчыкам сальманелёзу або іншых кішэчных інфекцый.
Таму раю не купляць выпечку, ды і наогул прадукты з рук.

– У адным з магазінаў горада ўбачыла дзіўнае суседства: на паліцах побач з бытавой хіміяй стаяць дзіцячае харчаванне, прысмакі, корм для жывёл. Ці бяспечна гэта?
Ганна.

– Такое суседства дапушчальнае, але толькі калі гаворка ідзе пра продаж. Пры гэтым стаяць яны павінны на розных стэлажах, а на складзе прадукты і бытавая хімія захоўваюцца ў розных памяшканнях.

– Я індывідуальны прад-прымальнік, хачу размясціць аўтаматы па продажы гарбаты і кавы ў зонах доступу пакупнікоў. Якія санітарныя нормы павінны быць выкананы ў памяшканні, дзе будзе размяшчацца такі аўтамат?
Юрый.

– Памяшканне павінна адказваць агульным санітарна-эпідэміялагічным патрабаванням. На аўтамат для кавы і гарбаты неабходна мець дакументы, якія пацвярджаюць яго спраўнасць і бяспеку. Эксплуатаваць апарат трэба ў адпаведнасці з дакументамі.

Пытанне ад «ЛВ».
У мінулым годзе ў Беларусі былі выпадкі адру. Дзе можна заразіцца зараз, хто ў зоне рызыкі і як прадухіліць хваробу?

–У групе рызыкі людзі, якія выязджаюць на адпачынак за мяжу. Асноўная доля захворванняў на адзёр належыць Украіне, Сербіі, Ізраілю, Францыі, Италіі, Грузіі, Грэцыі і Расіі.
У 2018 годзе ў сямі рэгіёнах Беларусі зарэгістравана 259 выпадкаў адру. Тры чвэрці тых, хто захварэў, – дарослыя. У Брэсцкай вобласці летась гэты дыягназ пастаўлены 36 чалавекам – 12 дарослым і 24 дзецям. У Ляхавіцкім раёне быў зарэгістраваны адзін выпадак адру ў дзіцяці, якое прыехала з Ваўкавыскага раёна. Сёлета на Брэстчыне зарэгістравана 16 выпадкаў адру.
Самы дзейсны спосаб абараніць сябе ад хваробы – вакцынацыя.

– У мяне ёсць сабака, таму цікавіць сітуацыя з шаленствам.
Віталій.

– Выпадкаў шаленства ў нашым раёне не зарэгістравана. Але людзі з укусамі хатніх і безнаглядных жывёл за меддапамогай звяртаюцца – за першы квартал 9 чалавек. Усім пацярпелым быў прызначаны курс прафілактычных прышчэпак.
На прамой лініі працавала  Ірына КУЗЬМІЧ.