Інтэграцыя для агульных перспектыў
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28-29 мая наведаў
з рабочым візітам Казахстан, дзе прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета
Гэта пасяджэнне ВЕЭС стала юбілейным. Мерапрыемства прымеркавана да дзвюх дат: 5-годдзя падпісання Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе і 25-годдзя ідэі еўразійскай інтэграцыі.
Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі вынікі развіцця саюза і вызначылі далейшыя перспектывы сумеснай работы па паглыбленні еўразійскай інтэграцыі, якаснай рэалізацыі ўжо існуючых дамоўленасцей. На саміт былі вынесены пытанні, якія датычацца пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва ЕАЭС, фарміравання агульнага электраэнергетычнага рынку саюза, узаемадзеяння ў мытнай сферы, асноўных арыенціраў макраэканамічнай палітыкі на 2019-2020 гады, ходу рэалізацыі лічбавага парадку дня, стварэння Савета па прамысловай палітыцы ЕАЭС і іншыя. Па выніках пасяджэння лідары краін ЕАЭС падпісалі больш за 20 дакументаў, а таксама адобрылі асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі краін ЕАЭС на 2019-2020 гады.
Акрамя ўдзелу ў саміце Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг двухбаковых сустрэч і перагавораў з замежнымі лідарамі.
Адносіны Беларусі і Казахстана заўсёды будуць добрымі, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым. «І я ніколькі не сумняваюся, што мы зможам і дабавіць у нашых адносінах», – падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Касым-Жамарту Такаеву за сустрэчу ў гэты няпросты час з улікам прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Казахстане.
У сваю чаргу Прэзідэнт Казахстана падкрэсліў шчырую павагу, з якой у яго краіне ставяцца да Кіраўніка беларускай дзяржавы. «Гэта шчырая павага да чалавека, які доўгія гады працуе на пасадзе Прэзідэнта Беларусі і робіць усё магчымае для ўмацавання аўтарытэту і патэнцыялу роднай дзяржавы. Адзначаем вашы поспехі, радуемся ім», – сказаў Касым-Жамарт Такаеў.
Дружалюбны характар беларуска-казахстанскіх адносін пацвердзілі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і першы Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.
«Што б ні здарылася, на якіх пасадах ні працавалі б, нас звязвае большае – дружба. Вы правільна сказалі: у самы цяжкі час па самых сур’ёзных пытаннях як бы мы ні спрачаліся, мы заўсёды аказваліся па адзін бок барыкад. Заўсёды абаранялі нашы інтарэсы, а ў Казахстана і Беларусі ніколі нават палярных пунктаў гледжання не было на тыя ці іншыя праблемы. Таму наша дружба будзе развівацца», – упэўнены Кіраўнік беларускай дзяржавы.
У час сустрэчы Нурсултан Назарбаеў уручыў Аляксандру Лукашэнку ордэн «Першы Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан – Лідар Нацыі Нурсултан Назарбаеў», які з’яўляецца дзяржаўнай узнагародай Казахстана і заснаваны ў маі 2001 года. Ордэн Кіраўніку беларускай дзяржавы ўручаны ў азнаменаванне 25-годдзя ідэі аб еўразійскай інтэграцыі і 5-годдзя падпісання Дагавора аб ЕАЭС, а таксама за асаблівы ўклад у паглыбленне і пашырэнне супрацоўніцтва з Казахстанам. Аляксандр Лукашэнка стаў першым Кіраўніком дзяржавы, каму ўручана такая ўзнагарода.
Прэзідэнт Беларусі на палях саміту ЕАЭС абмеркаваў пытанні паглыблення двухбаковай інтэграцыі з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным.
На саміце Аляксандр Лукашэнка адзначыў заслугі інтэграцыйнага аб’яднання, нягледзячы на невялікі тэрмін, які прайшоў з моманту яго стварэння: «Безумоўна, ЕАЭС яшчэ вельмі малады. Аднак ён ужо даказаў сваю эфектыўнасць і самастойнасць, забяспе-чыўшы нашым краінам дадатковую крыніцу эканамічнага росту, што дае магчымасць процідзейнічаць негатыўным тэндэнцыям у свеце. І гэты патэнцыял не проста далёка не вычарпаны, яму наогул не пакладзены пачатак. Наперадзе велізарныя перспектывы».
Прэзідэнт падкрэсліў важнасць якаснага выканання ўжо існуючых у саюзе дамоўленасцей па фарміраванні адзіных рынкаў, забеспячэнні свабоды руху капіталаў, тавараў, работ і паслуг. «Актыўнасць на знешнім контуры і новых напрамках не павінна наносіць урон асноўнай дзейнасці па адмене бар’ераў, выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі», – падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што адчувальны станоўчы эфект ад інтэграцыйнага праекта дадуць больш цесная кааперацыя, павелічэнне на агульным рынку долі тавараў, вырабленых унутры ЕАЭС. Ён заклікаў адмовіцца ад пратэкцыянісцкіх рашэнняў на нацыянальных узроўнях, ад увядзення ўсемагчымых забаронных і абмежавальных мер. У гэтым залог фарміравання трывалага фундаменту саюза, паспяховага развіцця эканомік краін, якія ўдзельнічаюць у інтэграцыі, заявіў Прэзідэнт.
Беларускі лідар прапанаваў, каб Нурсултан Назарбаеў на пасадзе ганаровага старшыні заняўся рэвізіяй спраў у ЕАЭС.
Па матэрыялах БЕЛТА.