Меліяратар – значыць гаспадар

Сёння калектыў Ляхавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм – 60 чалавек, якія задзейнічаны на пракладцы – асушальных каналаў, рэканструкцыі і будаўніцтве меліярацыйных сетак, рэкультывацыі зямель, выдаленні і пасадцы дрэў і кустоўя, праводзяць мерапрыемствы супраць эрозіі глебы і іншае. Адным словам, па-гаспадарску ставяцца да прыроды, паляпшаюць землі, што і азначае слова меліярацыя.
Валянцін Домаш шосты год працуе вадзіцелем у ПМС, кіруе магутным МАЗам, а гэта патрабуе навыкаў і вопыту, якіх яму не займаць.
– Працуе бездакорна, прымнажае гонар нашага прадпрыемства. У мінулым годзе партрэт Валянціна Домаша быў змешчаны на Галерэі славы Ляхавіцкага раёна, – расказвае дырэктар ПМС Сяргей Баргамон.
Яшчэ адзін кваліфікаваны «МАЗіст» Сяргей Кананчук. У адрозненне ад свайго калегі ён у ПМС навічок, працуе тут усяго з верасня мінулага года. Але і за такі кароткі час зарэкамендаваў сябе вадзіцелем-прафесіяналам. Не дзіўна, ён мае 40-гадовы стаж аўтамабіліста.
Заўтра, як і іншыя работнікі ПМС, Валянцін Домаш і Сяргей Кананчук (на здымку) будуць прымаць віншаванні з прафесійным святам. Яны ведаюць: меліяратар – значыць гаспадар. І кіруюцца гэтым заўсёды.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.