Волаты гульні нумар адзін
У мінулую нядзелю на стадыёне «Колас» быў футбол. Спаборніцтвы мясцовага маштабу – кубак раёна па футболе – арганізаваў Ляхавіцкі фізкультурна-спартыўны клуб. Анансавалася, што турнір разыграюць чатыры каманды. Але з-за няяўкі саперніка каманда ААТ «Жарабковічы» аўтаматычна атрымала пуцёўку ў фінал. Другі фіналіст быў вызначаны па выніках гульні паміж футбольнай дружынай малочнага завода і «Ляхавіцкім волатам». Апошняя, нагадаем, прадстаўляе раён у футбольным першынстве вобласці. Паколькі ў яе складзе сабраны «волаты» гульні нумар адзін з шэрагу структур і тэрыторый Ляхавіччыны, іх можна прадставіць як зборную раёна.
«Зборнікі» абыгралі «малочнікаў» і пасля нядоўгага адпачынку выйшлі на фінальны матч супраць «Жарабковічаў». Сваю сілу «Волат» трансфармаваў у сем забітых галоў, на што «Жарабковічы» адказалі толькі адным галявым ударам. Бамбардзірам дня стаў Аляксей Юруць з каманды-пераможцы. Але найбольш гучныя апладысменты дасталіся зусім юнаму футбалісту Мацвею Бусько. Школьнік, хоць і выйшаў на замену за дзясятак хвілін да завяршэння гульні, стаў аўтарам сёмага гола сваёй каманды.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ