Наш адказ “Бандзюэлю”. Як ляхавіцкі “Інтэрлак” працуе па імпартазамяшчэнні
Гэта іменна той выпадак, калі гучанне слова дакладна і зразумела перадае яго значэнне: імпартазамяшчэнне – змяншэнне, а ў ідэале адмова ад імпартнага тавару накарысць такога ж айчыннай вытворчасці. Са скарачэннем імпарту больш валютных сродкаў застаецца «дома», выраўноўваюцца знешнеэканамічныя паказчыкі.
А пры далейшым развіцці імпартазамяшчальнай вытворчасці яна можа стаць адначасова і экспартаарыентаванай, значыць удвая больш выгаднай. Але галоўнае ў тым, што працуе правіла адваротнай адпаведнасці паміж імпартазалежнасцю і эканамічнай бяспекай.
На шляху да паўналецця
ТАА «Бляшаначны завод «Інтэрлак» сёлета адзначыў паўналецце.
– Прадпрыемства створана на пачатку 2001 года і спецыялізавалася на лакіраванні бляхі, літаграфіі. Падобнымі тэхналогіямі валодалі адна-дзве структуры ў краіне. Але яны працавалі толькі на ўласныя патрэбы. На той час гэта была імпартазамяшчальная і экспартаарыентаваная тэма. Працавалі на ўнутраны рынак, значныя аб’ёмы прадукцы ішлі ў замежжа. Расію, напрыклад, – расказвае дырэктар Генадзій Крываруцкі.
Схема паспяхова дзейнічала з дзясятак гадоў, якія сталі добрым вопытам, дазволілі напрацаваць патрэбныя дзелавыя сувязі. Крок за крокам абзавяліся тэхналагічнай лініяй па вытворчасці бляшанкі. Група станкоў, аб’яднаных у адну «ідэю», уяўляе сабой лінію-аўтамат па вырабе металічных ёмістасцяў для кансервавання. Адметнасць лініі, агульная працягласць якой да паўсотні метраў, – універсальнасць. Нескладаная настройка дазваляе перазапусціць тэхналогію на выпуск бляшанкі іншага тыпаразмеру. Такіх калібраў у арсенале «Інтэрлака» паўтара дзясятка. А з завяршэннем мадэрнізацыі тыпаразмерны рад інтэрлакаўскай бляшанкі павялічыцца на пяць пазіцый.
Бляшанкі для кансервавання складаюць сёння аснову вытворчасці ТАА. Вырабляюць таксама накрыўкі для кансервавання, не спісаны з рахунку і стартавы праект.
Геаграфія дзелавых сувязяў
«Засвяціцца» на рынку паслуг ці тавараў – адно, трымаць яго пад кантролем – куды больш няпростая справа. Але ўсё магчыма, лічыць Генадзій Крываруцкі:
– Без аптэкарскай ў выкананні тэхналогіі якаснай прадукцыі не атрымаеш. А суадносіны якасці і цаны – асноўнае, на што звяртае ўвагу патэнцыяльны пакупнік. Пастаянна працуем над тым, каб павысіць першае і мець магчымасць знізіць другое.
Геаграфію спажыўцоў інтэрлакаўскай прадукцыі ўтвараюць каля двух дзясяткаў адрасоў. На сённяшні дзень усё больш беларускіх: Жлобінскі, Слонімскі, Аршанскі, Калінкавіцкі мясакамбінаты, ААТ «Белрыба», Тураўскі і Быхаўскі агароднінакансервавыя камбінаты. І як эксклюзіў у гэтым шэрагу – Брэсцкі панчошны камбінат, які частку сваёй прадукцыі (мужчынскія шкарпэткі, у прыватнасці) «апранае» ў металічную ўпакоўку– бляшанкі вытворчасці нашага «Інтэрлака».
Калібр 85
Поўнаетэкстава-лічбавае «прозвішча» гэтай вытворчаасартыментнай адзінкі «бляшанка №85/83-80». У спецыялістаў у пашане «лянівы» варыянт – дастаткова і першай лічбы, якая абазначае ўнутраны дыяметр бляшанкі. Падобны тып тары вядомы як бляшанка «бандзюэль». Іменна французская фірма па вырабе агароднінных кансерваў першай пачала выкарыстоўваць бляшанкі такой канфігурацыі. Іх прынцыповая адметнасць заключаецца ў рознасці дыяметраў верхняй часткі бляшанкі і ніжняй:накрыўка некалькі перавышае памер донца, тым самым дасягаецца павышаная ўстойлівасць складзеных у «піраміду» – адна на адну – бляшанак. Нюанс бляшанкі таксама і ў наяўнасці «рэбраў жорсткасці». Яны дабаўляюць тары трываласці. Атрымліваецца, можна эканоміць на матэрыяле: змяншаецца металаёмістаць вырабу,адпаведна – яго сабекошт. А, між іншым, расходы на набыццё бляхі фарміруюць каля 80 працэнтаў сабекошту інтэрлакаўскай прадукцыі.
Каб даць адказ «бандзюэлю», ляхавіцкія вытворцы пачыналі бадай з нуля: распрацавалі неабходныя рэгламенты, атрымалі допускі і дазволы, закупілі дадатковае абсталяванне, і пасля кароткай «раскруткі» працэс пайшоў. Сёння, па словах дырэктара, «Інтэрлак» з’яўляецца адзіным у краіне вытворцам металатары падобнага тыпу. Яе асноўнымі спажыўцамі з’яўляюцца ўсё тыя ж прадпрыемствы-агароднінаперапрацоўшчыкі з Турава і Быхава.
Спецыялістаў рыхтуем самі
Усё трымаецца на камандзе, упэўнены кіраўнік. І дадае:
– Каб працавала прадпрыемства, трэба працаваць з людзьмі. У плане прафесійнай падрыхтоўкі,стварэння здаровых умоў працы, дастойных заробкаў, дадатковых сацыяльных бонусаў.
Спецыялістаў для «Інтэрлака» рыхтуюць тут жа. Пры паступленні на завод тэхнічныя навыкі кандыдатаў вельмі вітаюцца. Правілам стала сумежнасць прафесій: сёння ты аператар, а заўтра, калі ўзнікне ў тым патрэба, гатовы заняць іншую вытворчую лакацыю.
«Лакацыя» Дзмітрыя Ганчарыка – інжынер-механік. Маючы добрую, атрыманую ў сценах ВНУ тэхнічную базу, адмыслова-спецыялізаваныя навыкі і ўменні Дзмітрый атрымліваў і шліфаваў непасрэдна на «Інтэрлаку». Асвоіўся ў прафесіі і стаў адным з каманды, колькасцю ў дзевяць дзясяткаў спецыялістаў. Ключавое слова тут «каманда», засяроджвае ўвагу Генадзій Крываруцкі.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.