Душэўнае вымярэнне. У Жарабковіцкай СШ педагог, школьны дырэктар-наватар — Вольга Бурак
Педагог, школьны дырэктар-наватар, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, нераўнадушны чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, зрэшты, абаяльная жанчына – гэта пра Вольгу Бурак.
Яна стваральніца прыгажосці, утульнасці і камфорту, яна натхняе, узрушае, акрыляе, здзіўляе, перамагае. Сямейнае надвор’е таксама прэрагатыва жанчыны – захавальніцы сямейнага ачага. Натуральна, што адзін з сямі напрамкаў дзейнасці раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын – захаванне сямейных каштоўнасцяў: моцная сям’я – моцная дзяржава. І роля прыгожай – ні ў якім разе не слабай! – паловы чалавецтва тут велізарная.
Хто яна, сучасная жанчына, якая ў мітусні дзён паспявае быць выдатнай гаспадыняй, уважлівай жонкай і клапатлівай маці, паспяховай працаўніцай? Пра гэта падчас раённага свята «Мір пачынаецца з сям’і», прымеркаванага да Дня сям’і, пераканаўча гаварыла старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын дырэктар Жарабковіцкай СШ Вольга Бурак.
Дарэчы, з 1997 года 29 ляхавічанак удастоены ордэна Маці. Яны ўпэўнены, што менавіта так павінна выглядаць шчасце – галасіста, шумна, з тысячамі пытанняў ад сваіх «чамучак», са шчырымі дзіцячымі вачыма і ўсмешкамі.
Да дня абароны дзяцей «саюзныя» жанчыны праводзілі дабрачынную акцыю «Кнігі – дзецям». Сабраная літаратура папоўніла дамашнія бібліятэкі шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама тыя, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды.
Прыемна, што навагодні марафон «Цяпло ў нашых сэрцах» перарос у круглагадовую акцыю. Нагадаем, што па прапанове зноў жа Вольгі Бурак і актывістак жаночага саюза нераўнадушныя зямлячкі вязалі квадраты памерам 20 на 20 сантыметраў, якія сталі часткамі дызайнерскіх пледаў. Ляхавічанкі працягваюць прысылаць вязанне, а актывісткі жаночай арганізацыі не перастаюць злучаць іх у пледы. Нядаўна сем такіх стыльных абновак знайшлі сваіх гаспадароў, на падыходзе яшчэ пяць.
Ёсць ідэя сабраць у адзін архіў звесткі пра зямлячак, якія вызначыліся ў розных сферах грамадскага жыцця. Верагодна, што ў выніку атрымаецца фотакніга ці нешта накшталт гэтага.
Многа цікавых спраў ужо здзейснена. Напрыклад, сёлета прадстаўніцы раёна бібліятэкар з Падлесся Ларыса Глеб і гаспадыня кафэ «Калі ласка» Наталля Лойка пакарылі абласны этап конкурсу «Жанчына года-2018». Намінацый у конкурсе шмат, і самае прыемнае, у нас на кожную ёсць годная прэтэндэнтка. Вольга Бурак упэўнена, што ў наступны раз на сцэне больш ляхавічанак паспрабуюць заявіць пра сябе.
– У раёне створана 9 пярві-чак. Наша задача – аб’яднаць усіх жанчын раёна ў такім патрэбным саюзе. У планах – дапамагаць адкрываць сваю справу, наладзіць юрыдычную кансультацыю, шмат хочацца зрабіць і па арганізацыі вольнага часу. Жанчыне важна ведаць: ёсць месца, дзе яе меркаванне абавязкова пачуецца, слушная прапанова возьмецца на аловак і ўвасобіцца ў канкрэтную справу, – гаворыць Вольга Бурак.
Сама Вольга Іванаўна час вымярае не хвілінамі і секундамі, а колькасцю карысных ідэй, ажыццёўленых задумак. Развівацца і ні ў якім разе не стаяць на месцы, адна справа заканчваецца – пачынаецца новая, а лепш не адна. Вось такое жыццёвае крэда. Вольгу Бурак многія землякі ведаюць як прагрэсіўна-актыўнага дырэктара Жарабковіцкай школы, імёны вучняў якой гучаць на рэспубліканскіх алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях. Яны стварылі на базе навучальнай установы бізнеc-кампанію і здзіўляюць сваімі hand-made вырабамі.
Яркасць і ніякай шэрасці – гэта пра яе, дырэктара школы, старшыню жаночай арганізацыі, сучасную вельмі моцную прадстаўніцу слабай паловы чалавецтва. Каляровасць у настроі, каляровасць навакольнага. Зазірніце ў школьныя кабінеты: усё, як гаворыцца, у тэму. «Замежная» атмасфера ў кабінеце, дзе дзеткі вывучаюць англійскую мову, родныя матывы – значыць тут выкладаюць беларус-кую мову і літаратуру.
– Прабачце, трэба спяшацца: у горадзе арганізуем акцыю «Здаровая сям’я – здаровая нацыя».
А заўтра… Пра гэта мы абавязкова раскажам.
ФАКТ
У гэты сямейны дзень купалаўка запрасіла ўсіх землякоў стаць часткай іх утульнага свята «Мір пачынаецца з сям’і». Канешне, галоўная увага, шчырыя авацыі і віншаванні – шматдзетным сем’ям і сем’ям, дзе выхоўваюцца асаблівыя дзеткі. Для іх сувеніры ад наведвальнікаў і супрацоўнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН і музычныя прывітанні ад удзельнікаў клуба «Сівізна» і Падлескага СДК. Фірменны стыль цэнтральнай бібліятэкі – іх змястоўныя цікавыя выставы.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара і з архіва Жарабковіцкай СШ.