Вера на варце агульных каштоўнасцяў. Свяшчэннаслужыцелі зарэгістраваных у Ляхавіцкім раёне канфесій сабраліся на мінулым тыдні ў гасцёўні купалаўкі

Свяшчэннаслужыцелі зарэгістраваных у раёне канфесій сабраліся на мінулым тыдні ў гасцёўні купалаўкі. На сустрэчу іх запрасіў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі.
У раёне зарэгістравана і дзейнічае 21 рэлігійная суполка: сем праваслаўных, шэсць каталіцкіх, сем – хрысціян веры евангельскай і адна мусульманская. У райвыканкам пададзены дакументы на рэгістрацыю рэлігійнай суполкі «Рымска-каталіцкі прыход Святога Іосіфа ў г. Ляхавічы».

Кіраўнік раёна адзначыў, што такі круглы стол – выдатная магчымасць абмеркаваць актуальныя пытанні, у тым ліку звязаныя з маральным выхаваннем падрастаючага пакалення, адраджэннем духоўных традыцый, вызначыць накірункі супрацоўніцтва.
На сустрэчы гаварылі пра турысцкую прыцягальнасць раёна і ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь нематэрыяльных каштоўнасцяў храма Святога Духа ў аграгарадку Падлессе (у прыватнасці, абрад пакланення цудатворнай іконе Прасвятой Багародзіцы).
Пра канструктыўнае ўзаемадзеянне са свяшчэннаслужыцелямі, абстаноўку ўзаемаразумення і талерантнасці, адсутнасць напружанасці на міжканфесійнай і міжнацыянальнай глебе гаварыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч.
Удзельнікі сустрэчы закранулі пытанне афармлення дакументаў на ўзведзеныя культавыя аб’екты і занятыя пад імі зямельныя ўчасткі.
Аляксандр Камінскі падкрэсліў, што кіраўніцтва раёна заўсёды гатова да дыялога з прадстаўнікамі розных канфесій. Наперадзе шмат агульных спраў на карысць землякоў і малой радзімы.
Размова была шчырай і канструктыўнай, свяшчэннаслужыцелі атрымалі адказы на многія надзённыя пытанні, выказалі пажаданні і прапановы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ