Пляжныя абноўкі

Пачатак лета радуе цяплом. Каб выратавацца ад спёкі, і дарослыя, і дзеці адпраўляюцца бліжэй да вады. У Ляхавіцкім раёне тры афіцыйныя зоны адпачынку: пляжы на рэках Ведзьма ў Ляхавічах і Шчара ў аграгарадку Дарава, у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Чайка».

За парадкам «чайкаўскага» пляжа, які прызначаны выключна для дзяцей з летніка, сочыць аддзел па адукацыі райвыканкама. Як расказала начальнік аддзела Святлана Якубоўская, пляж у лагеры цалкам гатовы да купання рабят.

Падрыхтоўка, як і ў мінулыя гады, была старанная: адрамантавалі раздзявальні, устанавілі урны, на стэндах абнавілі інфармацыю аб правілах паводзін на вадзе.

Вадалазы абследавалі і ачысцілі ад водарасцяў рачное дно. Пляж падсыпаны свежым пяском. Дарэчы, ваду і пясок даследавалі ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Па заключэнні санітарна-гігіенічнай экспертызы, яны адпавядаюць усім нормам.

Таму зараз галоўнае – каб не падвяло надвор’е. Па правілах, для водных працэдур паветра павінна прагрэцца мінімум да 20 градусаў, а вада – да 18. А тады – гайда купацца!

Зона купання абгароджана буйкамі. За рабятамі пільна сочаць важатыя і выратавальны пост. А калі нехта не ўмее плаваць – не бяда: на ўсіх зменах будзе працаваць плаўрук, які навучыць упэўнена трымацца на вадзе.

Яшчэ два пляжы – гарадскі і дараўскі – на балансе камунгаса, які сёлета для адпачываючых падрыхтаваў шмат камфортных сюрпрызаў.

Чацвер, каля шасці гадзін вечара. На беразе Ведзьмы шмат моладзі, у вадзе плюхаюцца дзеці. Супрацоўнік Асвода сочыць за парадкам, выратавальныя кругі напагатове. У любы момант няўдалы купальшчык можа разлічваць на дапамогу.

Тэрыторыя пляжа дагледжаная: трава выкашана, бераг падсыпаны жоўтым пяском, устаноўлены новыя кабінкі і лавачкі, абноўлены турнікі і, як іх у народзе называюць, «грыбкі». Для аматараў актыўнага адпачынку набылі валейбольную сетку і мяч. Пляж у Дараве таксама абнавілі кабінкамі і лавачкамі. З’явілася тут і новая альтанка.

Але на гэтым увага камунгаса да зон адпачынку не заканчваецца, запэўніваюць у ЖКГ. У бліжэйшых планах – запусціць катамараны, усталяваць плаваючы фантан. А яшчэ хутка на пляжы ў Ляхавічах з’явяцца дзіцячыя арэлі.

Хочацца засяродзіць увагу на важнай акалічнасці – ашчадным і беражлівым стаўленні адпачываючых да ўсяго, што зроблена для іх жа камфорту. Не псаваць маёмасць, не пакідаць пасля сябе смецце і бутэлькі, а паводзіць сябе цывілізавана і бяспечна.

Ірына КУЗЬМІЧ