Профі ў белых халатах
Аперацыя прайшла паспяхова. Колькі разоў хірург-траўматолаг Георгій Хлябовіч гаварыў гэтыя словы і колькі паўторыць іх яшчэ! Урач вышэйшай катэгорыі, практык з амаль 30-гадовым стажам, у сваёй прафесійнай біяграфіі ён мае Гродзенскі медінстытут, вучобу ў клінічнай ардынатуры РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, працу па спецыяльнасці і на пасадзе начмеда ў Баранавічах.
На працягу трох гадоў Георгій Яўгеньевіч паспяхова кіруе Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцай і зноў жа паспяхова сумяшчае гэту адказнейшую работу з практыкай хірурга-траўматолага.
Па сутнасці, дзякуючы яму сёння ў нашай ЦРБ пацыентам з траўмамі аказваецца амаль уся тая дапамога, якую раней яны атрымлівалі ў медустановах Баранавіч і Брэста.
Як жа ўжываюцца ў адной асобе адміністратар і ўрач-практык? І ўжываюцца, і сумяшчаюцца! Канешне, абавязкі галоўнага ўрача шматлікія, надзвычай адказныя, маштабныя, але Георгій Хлябовіч не можа адмовіць ні пацыентам, ні сабе ў магчымасці лячыць, дапамагаць тым, каму ён можа прафесійна дапамагчы стаць здаровымі ці палепшыць здароўе і, адпаведна, якасць жыцця.
– Здароўя ў першую чаргу жадаю з нагоды нашагапрафесійнага свята сваім калегам, ветэранам медыцынскай службы і ўсім жыхарам раёна, а таксама поспехаў, радасці, удачы, – гаворыць Георгій Яўгеньевіч і задаволена ўсміхаецца: толькі што чарговая аперацыя, якую праводзіў хірург Хлябовіч, прайшла паспяхова.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота: Сяргея ВАРАНОВІЧА.