Не першыя па парадку

На чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама вяршэнствавалі пытанні парадку. Максімальна акцэнтаваны «разбор» закрануў Альхоўскі сельсавет.


Сваю ацэнку сітуацыі на названай адміністрацыйнай тэрыторыі далі кіраўніцтва райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, землеўпарад-кавальная служба. Выступленні суправаджаліся фотаздымкамі, канкрэтнымі адрасамі выяўленых парушэнняў.
Як прагучала, у Альхоўскім сельсавеце пэўная работа па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку праводзіцца: абкошваюцца тэрыторыі, ліквідуюцца стыхійныя сметнікі, зносяцца трухлявыя дамы, а зямля, што пад імі знаходзілася, уводзіцца ў сельскагаспадарчы абарот. Але многае з таго, што пералічана вышэй, робіцца недастаткова актыўна.
У асобных выпадках на месцы знесеных безгаспадарчых пабудоў застаецца неўпарадкаваная тэрыторыя. Стыхійныя звалкі бытавых, будаўнічых, іншых відаў адходаў перыядычна ліквідуюцца, аднак, «ліквідатары» не паспяваюць ды і, думаецца, не ў стане паспець за тымі, хто смеціць.


Каб мінімізаваць узнікненне сметнікаў, неабходна максімаль-ную колькасць домаўладанняў «падпісаць» на камунгасаўскую паслугу па цэнтралізаваным зборы бытавых адходаў. Хоць, па словах старшыні сельвыканкама Вячаслава Кулака, у шэрагу буйных населеных пунктаў сельсавета дагавор на збор адходаў маюць 100 працэнтаў домаўладанняў.


Тэрыторыя сельсавета – гэта яшчэ і тэрыторыя Ляхавіцкага райаграсэрвіса, на вытворчых аб’ектах якога правяраючыя знайшлі нямала фактаў неўпарадкаванасці.

Іван КАВАЛЕНКА.