Здаровы настрой: без рэцэпта! У Ляхавічах адзначылі Дзень медыцынскіх работнікаў

Усяго на некалькі гадзін у мінулую пятніцу супрацоўнікі ўстаноў аховы здароўя раёна пакінулі свае кабінеты, аддзяленні, лабараторыі і скіраваліся ў ГДК, каб разам з калегамі ў шчырай, сяброўскай атмасферы адзначыць Дзень медыцынскіх работнікаў.

У кожнага з іх свой прафесійны шлях. Урач агульнай практыкі Ніна Таранда больш за чатыры дзесяцігоддзі лечыць дарослых ляхавічан. Яна не толькі вопытны медык, але і добразычлівы чалавек. А малады калега Ніны Мацвееўны тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Алег Арлоўскі працуе ўсяго шэсць гадоў, але паспеў зарэкамендаваць сябе прафесіяналам. І такіх прыкладаў у калектыве мноства.
З сардэчнымі віншаваннямі ад імя раённай улады звярнулася да віноўнікаў урачыстасці намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Яна ўручыла Граматы і Падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета дэпутатаў загадчыкам паліклінікі Наталлі Гарбачовай, аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі – Уладзіміру Аўдзею, урачам агульнай практыкі Ніне Таранда і тэрапеўтычнага аддзялення Алегу Арлоўскаму, старшай медсястры Крывошынскай участковай бальніцы Вользе Вайшэвіч, загадчыцы Востраўскага ФАПа Таццяне Аніскевіч.
Шчыра віншаваў калег і дзякаваў за разуменне, падтрымку, надзейнасць галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч.
Пяшчотна і душэўна звярнулася да маладых калег, да тых, для каго гэты год першы ў медыцынскай працоўнай біяграфіі, загадчык кабінета функцыянальнай дыягностыкі райбальніцы Таццяна Літвіненка. Слова ў адказ трымаў малады спецыяліст хірург Аляксандр Шабановіч.

Урач агульнай практыкі Ніна Таранда.


У гэты святочны дзень чарговы раз нашы медыкі прадэманстравалі, наколькі яны цікавыя і таленавітыя асобы, як выдатна яны спяваюць, танцуюць, пішуць сцэнарыі і выступаюць у якасці вядучых. А яшчэ яны фларысты і кулінары, гумарысты і філосафы, турысты і спартсмены. І канцэртная праграма – іх рук, душы і талентаў справа. А якую выставу кветкавых кампазіцый арганізавалі!
Гаспадарылі на сцэне вядучыя – загадчык рэнтгенаўскага аддзялення Сяргей Памазанскі і ўрач акушэр-гінеколаг Марына Новік. А колькі апладысментаў у свой адрас пачуў старшыня прафкама райбальніцы оталарынголаг, а на канцэрце яшчэ і спявак Васілій Гарбачоў, калі ўзяў у рукі мікрафон. Непаўтор-на гучаў квартэт вакалістаў –
спявалі тэрапеўт Юлія Куляшова, дэрматолаг Анастасія Пташнік, акушэр-гінеколаг Марына Новік, зубны фельчар Ірына Дзярачыц.
Увогуле на свяце было нямала радасных, шчымлівых і запамінальных імгненняў. Справядлівым будзе прыгадаць, што і ў гэтыя імгненні на сваіх рабочых месцах былі людзі ў белых халатах, чыё дзяжурства прыпала на час урачыстасці.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Загадчыца кабінета функцыянальнай дыягностыкі Таццяна Літвіненка
і ўрач-лабарант Галіна Сушко.
Урач-оталарынголаг Васілій Гарбачоў
і зубны фельчар Ірына Дзярачыц.