Будзе як новенькая. Гэта пра аўтамабільную дарогу Р-103 рэспубліканскага значэння

Аўтамабільная дарога Р-103 рэспубліканскага значэння злучае горад Клецк Мінскай вобласці і Ляхавічы, транзітам праходзіць праз шэраг населеных пунктаў нашага раёна, у тым ліку і праз Жарабковічы. На гэтым участку цяпер ідуць дарожна-рамонтныя работы. Пад-рад выконвае Баранавіцкае ДЭУ-24, галоўны інжынер якога Мікалай Дрынеўскі ўдакладніў, што назва праекта – «Бягучы рамонт участка дарогі Клецк-Ляхавічы».
Усяго работы будуць праведзены на адрэзку 4300 метраў. На кіламетровым, які праходзіць іменна праз Жарабковічы, участку запраектавана поўная замена асфальтабетоннага пакрыцця. Будзе ўмацавана абочына для руху пешаходаў, выканана ўстройства ахоўнага слою асфальтабетоннага пакрыцця. Мінулай восенню сіламі Ляхавіцкага камунгаса водаправодныя сеткі, якія праходзілі пад асфальтам, былі вынесены на абочыну. Апошняя ўжо ўпарадкавана.
У Жарабковічы дарожнікі прыйшлі напрыканцы мая, а завяршыць праект мяркуюць у першай палове ліпеня. Фінансаванне работ вядзецца са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Іван КАВАЛЕНКА.