Эўрыка ў «Эўрыцы». У Ляхавіцкім раёне адкрыліся змены ў профільных летніках «Эўрыка» і «Выратавальнік»

Гарачым флэшмобам і танцамі 14 чэрвеня адкрыліся змены ў профільных летніках «Эўрыка» і «Выратавальнік». І нават кароткачасовы дождж не парушыў планаў і не сапсаваў настрой.
Ужо трэці год лагеры з кругласутачным знаходжаннем размяшчаюцца ў Падлескім дзіцячым садзе-базавай школе. Адпачыць і карысна правесці час сёлета сюды прыехалі 40 рабят.

Акрамя насычанай праграмы дзевяцідзённага адпачынку, у «Эўрыцы» школьнікі змогуць удасканаліць веды па фізіцы, матэматыцы, беларускай мове.

А абаронна-спартыўны лагер «Выратавальнік» курыруюць супрацоўнікі РАНС. Тут рабят пазнаёмяць з асновамі пажарнай бяспекі, раскажуць пра асаблівасці прафесіі пажарных. А яшчэ школьнікі змогуць палепшыць сваю фізічную падрыхтоўку падчас трэніровак і спаборніцтваў.

Павіншаваць лагер з адкрыццём змены прыехалі намеснік начальніка аддзела па адукацыі Мікалай Прыхач, начальнік РАНС Дзмітрый Чопка і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня Ляхавіцкай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Ларыса Юшкевіч. Яна, дарэчы, выканала яшчэ адну прыемную місію – перадала рабятам узнагароды і падарункі ад Беларускага фонду міру за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе «Шчасце – жыць у мірнай краіне». Дыпломам III ступені за перамогу ў абласным этапе конкурсу жывапісу адзначана вучаніца Тухавіцкай СШ Таццяна Казанцава. А вучань Падлескай БШ Павел Планін атрымаў падзяку за актыўны ўдзел у абласным этапе конкурсу і сертыфікат на грашовую прэмію.

Закрыюцца змены ў лагерах 22 чэрвеня, а пакуль – лета, адпачынак, канікулы!


Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.