Навука вырошчваць грошы. Сезон на клубніцы завяршаецца, а ягаднай прапановы хоць адбаўляй.

Сёлета клубніцы ўрадзілі на славу. Сезон на «чырвонае золата» завяршаецца, а ягаднай прапановы хоць адбаўляй. Калі на ляхавіцкім рынку за літровы слоік першых ягад прадаўцы прасілі 4-5 рублёў, то цяпер у прыватнікаў цана два рублі за кілаграм, у палатцы райпо – рубель 20 капеек. Праўда, па ўласным вопыце, смак і якасць купленых у прыватнікаў ягад яўна, выйграе.


– Пакаштуйце, новыя элітныя гатункі вырасцілі – «дукат», «альва», «хоней». Сакавітыя, духмяныя, салодкія, – запрашае Таццяна Дыдышка з Задвор’я. Яна з мужам і дзецьмі – Максімам і Вікторыяй некалькі гадоў вырошчваюць клубніцы на ўчастку плошчай 10 сотак.
Клубніцы – тавар ходкі, купляюць з задавальненнем: і цяпер смачна паласавацца, і на зімовыя нарыхтоўкі выдатна.
А вось здаваць ягады нарыхтоўшчыкам прыватнікі не спяшаюцца. Таццяна Дыдышка тлумачыць: ягада далікатная, патрабуе беражлівага і пастаяннага догляду, клопату, таму шкада аддаваць яе за капейкі. Хоць і даводзіцца выкладвацца, выгадней прадаваць самім. А найбольш прадпрымальныя, як, напрыклад, Віталій Стэльмацкі з вёскі Літва, і ўвогуле знайшоў рынкі збыту ў Расіі – туды адпраўляе клубніку, вырашчаную ў Макееўшчыне. А частку ўраджаю прадае на перадрыначнай плошчы ў Ляхавічах. Акрамя ягаднай справы, амаль дзесяцігоддзе паспяхова займаецца і разнастайнай агароднінай. Пераканалася асабіста: памідоры, перац, капуста, цыбуля, часнок, вырашчаныя Віталіем Стэльмацкім, – смачныя.
Вядучы таваразнаўца райпо Віктар Скіндзер расказаў, што сёлета нарыхтавана 4,2 тоны клубніц, але менш, чым летась (4,8 тоны), дакладна не будзе. У асноўным нарыхтоўшчыкі выязджаюць у Лунінецкі і Драгічынскі раёны. Райпо па папярэдне заключаным дагаворы паставіла 1,5 тоны ягад для далейшай перапрацоўкі на наш кансервавы завод. Астатнюю рэалізавалі: скрыні з ягадамі  паступілі на паліцы райпоўскіх гандлёвых кропак  яшчэ напачатку чэрвеня.
Безумоўна, садаводы жадаюць прадаць вырашчаны тавар як мага даражэй, а нарыхтоўшчыкі купіць чым танней, каб мець прыбытак. Віктар Скіндзер расказвае, што, напрыклад, дробныя клубніцы зараз закупляюць па 30 капеек за кілаграм, за адборныя ягады, што ідуць адразу ў продаж, даюць да рубля за кілаграм, а мы, пакупнікі, набываем іх па 1,20 -1,30.
Пакуль райпо не замарозіла ні кілаграма ягад. Аднак, усё неабходнае халадзільнае абсталяванне кааппрам падрыхтаваў і гатовы ў любы момант прымаць далікатны тавар.
Лета для райпо – магчымасць зарабіць на нарыхтоўках. Для гэтага патрэбна не многа: мець надзейных пастаўшчыкоў прадукцыі, прапанаваць ім прымальныя ўмовы закупкі і знайсці шляхі, рынкі для выгаднага збыту.
Зазірніце ў палатку райпо на рыначнай плошчы. Там баклажаны, кабачкі, цыбуля, капуста, морква, агуркі, ранняя бульба, капуста качанная і квяцістая, іншыя агародніна і садавіна, якія адразу пасля закупкі выстаўляюцца на продаж.
Ляхавіцкія нарыхтоўшчыкі раз’язджаюць па ўсёй вобласці. У Столінскім раёне закупілі 92 тоны агуркоў, з іх 62 тоны прададзена кансерваваму заводу.


А тым часам на падыходзе чарніцы, маліна. Як і ў папярэднія гады, на месцах, ураджайных на чорную лясную ягаду (у Ляхавіцкім раёне – Гайнінец, Крывошын, Ліпск, Свяціца, Заполле), будуць  дзейнічаць закупачныя пункты. Акрамя таго, любую плодаагароднінную прадукцыю можна здаць у сельскія магазіны спажыўкааперацыі. Плануецца, што сёлета 20 тон пойдзе на экспарт, частку замарозяць для продажу ў  гандлёвай сетцы раёна. Ну і, канешне, свежыя чарніцы можна будзе купіць на рынку ў райпоўскай палатцы.
Наперадзе яблычны, грыбны сезоны. Як сцвярджае Віктар Скіндзер, райпо гатова забраць усе ягадна-агароднінна-грыбныя лішкі, была б прапанова.
Галіна КАНЬКО.