Сцяжынкамі малой радзімы. Кожны дзень у аздараўленчым лагеры «Ветразь» пачынаўся са знаёмства з Ляхавіччынай

3 чэрвеня аздараўленчы лагер «Ветразь» на базе Навасёлкаўскай школы запрасіў 40 хлопчыкаў і дзяўчынак адпачыць класна і пазнавальна. Кожны дзень у «Ветразі» пачынаўся са знаёмства з малой радзімай: людзі, падзеі, знакавыя месцы – маленькім «чамучкам» цікава ўсё.
У першы дзень атрадаўцы прыдумалі, як сябе назавуць. Атрымаліся каманды «Турыстаў» і «Вандроўнікаў». Пасля выбралі актыў і аформілі атрадныя куткі.
Кожны дзень у лагеры – кропка на карце малой радзімы: «Дзень адпраўлення», станцыі «Навасёлкі», «Я і мае карані», «Ляхавіччына ўчора і сёння», «Урокі бяспекі», «Літаратурная Ляхавіччына» і іншыя. Конкурсы, віктарыны, гульні, фестывалі, экскурсіі – сумаваць няма калі. 
Асабліва запомніўся маленькім непаседам прыпынак «Пешшу па малой Радзіме». Выхаванцы «Ветразя» наведалі адметныя мясціны аграгарадка Навасёлкі, а пасля падзяліліся сваімі ўражаннямі ў міні-сачыненнях «Мне выпала шчасце тут нарадзіцца».
Не змаўкаюць радасныя дзіцячыя галасы. Нягледзячы на розны ўзрост, хлопчыкі і дзяўчынкі сталі сапраўднымі сябрамі, а галоўнае – знаўцамі сваёй малой радзімы.
Валянціна Домаш,
старшы выхавальнік лагера «Ветразь» Навасёлкаўскай СШ.