Адзнака настаўніку
Напэўна, цяпер і не падлічыш, колькі настаўнікаў з першых пасляваенных гадоў і да нашага часу далучалі і далучаюць хлопчыкаў і дзяўчынак да разумнага, добрага, вечнага. Мяняліся не толькі педагогі, але і школы, дзіцячыя садкі, вучэбныя праграмы і, канешне, вучні. Заўжды заставалася галоўнае – вялікая любоў да дзяцей, жаданне навучыць іх не толькі пісаць, лічыць, чытаць, але думаць, рабіць высновы, сябраваць, дапамагаць, паважаць старэйшых, любіць Радзіму.
У далёкім 1946 годзе ў спаленую фашыстамі Свяціцу 18-гадовыя
настаўніцы Соф’я і Людміла прыехалі вучыць тутэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак.
– Па ўсёй вёсцы з зямлі тырчалі толькі коміны, людзі жылі ў зямлянках. Будавалі дзве хаты, і адну з іх сельвыканкам вызначыў пад школу.Сцены, дах, вокны – закрытыя шклом дзіркі, драўлянай падлогі не было, мэблі ніякай. На кані паехалі ў Ганцавічы па парты. За імі сядзелі па сямёра вучняў, успамінае сваё педагагічнае юнацтва Соф’я Ягораўна.
Але сяброўкі не журыліся, і нічога, што ў адным пакоі размяшчаліся па два класы. У класы набіралі дзяцей не па ўзросце (у час фашысцкай акупацыі ніхто не вучыўся), а па ведах. Так і засталіся маладыя настаўніцы ў Свяціцы, выйшлі замуж за герояў-франтавікоў і сталі Соф’яй Буйкевіч і Людмілай Карповіч.
Дарэчы, менавіта ў Свяціцкай СШ настаўніца і паэтка Вера Дыдышка разам са сваім мужам Уладзімірам Шыловічам заснавалі музей партызанскай славы.
Для многіх пакаленняў ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак яна
стала другой мамай. Лічылася, пашчасціла тым, у каго першай
настаўніцай была Марыя Махнавец. Пачаткоўцы шчыра любілі
Марыю Антонаўну, і яна адказвала ім тым жа. Бачыла і паважала асобу ў кожным, а яшчэ валодала выдатным дарам аб’ядноўваць – яе класы былі самыя дружныя.
– У 1948 годзе я пайшла ў першы клас рускай СШ № 1
у Ляхавічах. Будынак размяшчаўся ў колішнім вучэбна-вытворчым камбінаце. Электрычнасці не было – замест святла палілі газніцы. Вучыліся з задавальненнем. У пачатковых класах настаўніцай у нас была Зінаіда Мікалаеўна Кашуба, а потым класным кіраўніком – Клаўдзія Самсонаўна Станкевіч. Хацелася быць на іх падобнай, таму і вырашыла стаць настаўніцай, – расказвае Марыя Махнавец. У 1971 годзе яна зноў вярнулася ў сваю родную школу – ужо ў якасці настаўніцы. Працавала з натхненнем, з любоўю. Лічыць, што ёй надзвычай пашанцавала і на калег, і на вучняў:
– У школе быў цудоўны калектыў: дружныя, актыўныя, дапамагалі адзін аднаму. Дырэктарстваваў Вячаслаў Цяцёркін, завучам быў Амбросій Рагоўскі. А якія педагогі: Соф’я Хмарук, Іван і Вера Купрыкі, Галіна Хмарук, Соф’я Скакун, Тэрэза Амелька, Ірына Піскун і многія іншыя. Марыя Антонаўна даўно на заслужаным адпачынку, але былыя вучні і сёння з удзячнасцю ўспамінаюць сваю першую настаўніцу.
На дваіх 94 гады ў прафесіі – гэта пра сямейную пару Уладзіміра Максімовіча і Алу Калядзіч з аграгарадка Конькі. Два выпускнікі педвучылішча ў 1958 годзе размеркаваліся ў Ляхавіцкі раён настаўнікамі ў Волькаўскую пачатковую школу, дзе вучылі 40
хлопчыкаў і дзяўчынак. Потым сем гадоў – у Стральцах. Менавіта тады Уладзімір Васільевіч арганізаваў вяскоўцаў на будаўніцтва новай школы, бо старая размяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце.
Неўзабаве маладога педагога Максімовіча назначылі дырэктарам Федзюкоўскай школы. Больш за тры дзесяцігоддзі плённай працы на гэтай пасадзе былі напоўнены творчасцю, інавацыямі, самаўдасканаленнем.
– У нашай школе працавалі выдатныя педагогі, такія як Леакадзія Шадура, Вольга і Фёдар Дайнекі, Яўгенія Паўлоўская і многія іншыя. У свой час на базе Федзюкоўскай СШ быў арганізаваны першы ў раёне прышкольны піянерскі лагер. У нас праходзілі практыку студэнты Брэсцкага педінстытута і Баранавіцкага педвучылішча.
Цяжка пераацаніць дапамогу школе колішняга старшыні калгаса «Ордэна «Знак Пашаны» «Кастрычнік» Льва Аліферкі. Гэта па яго закліку ў адзін год увесь выпускны клас застаўся працаваць у калгасе. А яшчэ мы наладзілі цеснае супрацоўніцтва са школай у Есентуках. Кожнае лета па 30 нашых вучняў адпачывалі летам на Каўказе, столькі ж рабят прыязджалі на канікулы ў
Конькі. Такі вось школьны абмен, – дзеліцца ўспамінамі Уладзімір Васільевіч.
– Надзвычай хвалявалася, калі мяне ў 1976 годзе абралі дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў і даверылі прадстаўляць калег з Ляхавіцкага раёна. Пасля вяртання дамоў расказвала, як жывуць, вучаць педагогі з розных рэспублік СССР, – далучаецца да размовы Ала Канстанцінаўна. Дарэчы, і яна, і яе муж узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік народнай асветы». Такіх школьных гісторый можна запісаць шмат. І за кожнай з іх настаўнік і дзясяткі-сотні яго вучняў.
Галіна Канько.