Каб памяталі, ці Мая непаўторная малая радзіма

У рэспубліканскім конкурсе работ творчай моладзі «Залатое пяро «Белай Русі-2019» прозвішча васьмікласніцы Жарабковіцкай СШ Веранікі Казакевіч – сярод пераможцаў. Такую высокую адзнаку атрымала яе эсэ ў намінацыі «Мая непаўторная малая радзіма». Герой расказа Веранікі – аграгарадок Жарабковічы, дакладней, вясковая вуліца і яе жыхары. Тыя, чыя маладосць і стваральная праца прыпалі на няпростыя часы пасляваеннага аднаўлення, адбудоўвання, пачатак росквіту калгаса «Беларусь» – сённяшняга ААТ «Жарабковічы» Прозвішчы аднавяскоўцаў, прыгожыя лёсы, адметныя старонкі недалёкай, але такой уразлівай гісторыі – і пра ўсё гэта з абсалютнай любоўю, захапленнем і шанаваннем расказвае юная зямлячка, чые пачуцці і ўспрыманне жыцця даказваюць, з чаго пачынаецца Радзіма. Пад дыктоўку шчырасці, почыркам пераканання Вераніка Казакевіч запаўняе старонкі сваёй асабістай кнігі памяці з клопатам пра тое, каб памяталі… Упусціце ў душу гэтыя бясхітрасныя і такія праўдзівыя радкі-прызнанне.

Што застаецца на зямлі пасля чалавека? Яго справы? Скупыя радкі ўспамінаў? Помнік у месцы апошняга прытулку? Пакуль жыве хоць адзін з тых, хто ведаў гэтага чалавека пры жыцці, жыве і памяць. Гэта, як рака, якую напаўняюць крыніцы. Знікнуць яны, і абмялее, перасохне рэчка, зарасце вербалозам і пустазеллем. А памятаць трэба. Уся гісторыя народаў і асобных лёсаў трымаецца на людской памяці.

Мае землякі – паляводы, механізатары, даяркі, людзі іншых прафесій – пакінулі незабыўны след у гісторыі вёскі Жарабковічы. Жылі, шчыра і плённа працавалі, трымалі шмат свойскай жывёлы і птушкі, сады садзілі, аралі зямлю, гадавалі дзетак і сардэчна сустракалі гасцей.Дзверы замыкалі толькі для формы, бо не вялося ў вёсцы ліхіх людзей.

Вуліца, на якой я жыву, раней лічылася галоўнай. Запрашаю разам са мною прайсціся  па ёй, заглянуць да маіх любых землякоў «на агеньчык». Упэўнена, не пашкадуеце: без пачастунку не выпусцяць з хаты: сарвуць з градкі гурочкаў і цыбулькі, нарэжуць духмянага хлеба і ладны кусманчык дамашняй каўбаскі ці паляндвіцы. Частуйцеся!

У канцы вёскі быў будынак старой школы, а крыху ўбаку стаіць прыгожа пафарбаваны дамок былога брыгадзіра трактарнай брыгады, кавалера двух ордэнаў Працоўнага Сцяга Мікалая Арэшкі, які брыгадзірстваваў яшчэ ў 40-ыя гады. Ён добра памятаў час, калі жанчыны з сярпамі забягалі наперад камбайнаў і клаліся пад колы, бо баяліся, што машыны загубяць ураджай. Дзякуй, дарагі Мікалай Сільвестравіч, за багаты каравай на нашым стале!

Калі перайсці дарогу ды скіравацца крыху ўглыб двара, трапім у дом Аляксандры Новік, якая шмат гадоў працавала акушэркай  на Жарабковіцкім ФАПе. Уяўляеце, калісьці ў маіх Жарабковічах быў свой радзільны дом! А маленькая, але ўвішная Аляксандра Уладзіміраўна прымала ў свае пяшчотныя рукі немаўлятак. Потым і ў дождж, і ў сцюжу пеша наведвала іх, давала парады маладым мамам, лячыла дзетак, перш добра пагрэўшы рукі каля цёплай печкі…

Чый жа гэта агеньчык так прыветна свеціцца злева? Гэта, напэўна, завітаў у бацькоўскую хату Аляксей Зянюк. Ён і сам чалавек таленавіты, а маці яго, Антаніну Іванаўну, дагэтуль успамінаюць як лепшую ў вёсцы спявачку. Цяпер яе сын Аляксей у вясновыя ці летнія вечары выходзіць на лавачку з акардэонам, і льюцца чароўныя напевы.

Сярод па-сучаснаму адбудаваных, абкладзеных цэглай дамоў сціпла месціцца хатка бабулі Стэпы. Якія прыгожы швэдры, сукенкі, касцюмы, паліто вязала гэта жанчына! Нават гарадскія модніцы прыязджалі да яе па абноўкі. Хтосьці хваліцца, што ў яго ўбранні ад  Кардэна, а у нас ганарыліся, што яны ад бабкі Сцепаніды.

Таленавітыя мае землякі былі ва ўсім: ткалі ручнікі, настольнікі, коўдры, ходнікі. Вязалі карункі, вышывалі крыжыкам і гладдзю. Матэрыял быў свой, вясковы: авечая воўна, воўна ангорскіх трусоў, мясцовы лянок.

Цяпер запрашаю зазірнуць у жоўта-блакітны домік Заслужанай настаўніцы БССР Алены Таранда. Яна даўно пенсіянерка, але ў школе заўсёды жаданая госця. Наведвае святы, розныя мерапрыемствы, дае добрыя парады маладым педагогам. У яе вучылася мая мама. Працоўны стаж Алены Іванаўны – пад паўстагоддзя. Калі буяюць восеньскія кветкі ў агародчыку ў настаўніцы, ёй зноў хочацца туды, у школу, да сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія будуць лавіць кожнае яе слова…

Прыкладна пасярэдзіне вёскі знаходзіцца будынак былога праўлення калгаса – канторы, як тады гаварылі.Дзесьці тут павінна быць і хацінка, якая напачатку 50-х гадоў прытуліла сям’ю старшыні калгаса Пятра Бычкова. На фотакартцы перада мной прыгожы светлавалосы мужчына ў вайсковай афіцэрскай форме. Яму было цяжэй за іншых старшынь, бо пачынаць давялося з нуля, будаваць-адбудоўваць. І тое, што гаспадарка цяпер багатая і паспяховая, – заслуга менавіта яго, Пятра Панкратавіча. Мала засталося людзей, якія разам са сваім старшынёй узбуйнялі калгас. Але ўсе з удзячнасцю, павагай успамінаюць гэтага чалавека, які так рана пайшоў з жыцця.

Я не гаварыла вам, што жыву на вуліцы Савецкай? Дык вось, вуліца з такой назвай ёсць у кожнай вёсцы, кожным горадзе. Нейкая безаблічная назва. Чаму б маёй вуліцы не даць імя Пятра Бычкова? Мы б распавядалі пра яго нашым дзецям, а яны – сваім… Так і жыла б, трымалася памяць пра паважанага, прыгожага знешне і ўнутрана чалавека. І гэта было б заслужана і справядліва.

А вось гэтая хатка сёння з’яўляецца дачай. Некалі тут жылі муж і жонка Новікі. Вольга Фамінічна – чалавек багатай біяграфіі. Была загадчыцай Жарабковіцкай хаты-чытальні, 35 гадоў – начальнікам сельскага паштовага аддзялення. Іншы раз людзі адносілі пасылкі дадому да Вольгі Фамінічны. І потым ужо яе муж «перапраўляў» іх на пошту.

Сядзіба наступнай маёй зямлячкі – на суседняй вуліцы. Яе гаспадыня нястомная працаўніца, спявачка Лідзія Чаркас знаходзіцца хутчэй за ўсё на чарговай рэпетыцыі ў вясковым клубе. Там жа, дарэчы, месціцца і калекцыя яе карцін-вышыванак. Гараць агеньчыкі-краскі, быццам жывыя ружы, якія ўпрыгожылі б любы музей. Перад кожнымі выхаднымі ці святочнымі днямі спыняецца на прыпынку «Жарабковічы» прыгарадны цягнік. Выходзіць з яго заўсёды вялікі натоўп. Едуць дзеці, унукі маіх землякоў. Едуць, к аб пафарбаваць бацькоўскія хаты і агароджы,  падрэзаць і пабяліць дрэвы ў садках, згрэбці леташняе лісце, пасадзіць ці прапалоць грады і бульбу, навесці парадак на могілках. І зноў прыветна свецяцца агеньчыкі ў знаёмых хатках, смачна пахне блінцамі і мачанкай, звініць дзіцячы смех.

Жыве вёска! І будзе жыць заўсёды, бо кожнае чалавечае жыццё – гэта не працяжнік паміж датамі нараджэння і смерці. Гэта памяць людская, і ўсё, што мною напісана, зробленаз адной мэтай: каб
памяталі…

Вераніка КАЗАКЕВІЧ,
вучаніца Жарабковіцкай СШ.