Як можна выправіць бацькоўскую «двойку»

Ці можа дзяцінства быць шчаслівым, калі яго азмрочваюць абыякавасць і п’янства самых родных людзей. Часцей за ўсё, хлопчыкі і дзяўчынкі ў такіх сем’ях пакінуты на саміх сябе, у іх не складваюцца «адносіны» са школай, існуе верагоднасць сяброўства з нядобрай кампаніяй.

Фото: https://torange.biz

У выпадку, калі бацькі паводзяць сябе безадказна, за непаўналетніх заступаецца дзяржава, бярэ сям’ю пад асаблівы кантроль. Гэта набалелая тэма абмяркоўвалася на чарговым пасяджэнні раённага каардынацыйнага савета па кантролі за рэалізацыяй Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18.

Для членаў камісіі важна не пакараць бацькоў, забраць дзяцей з сям’і, а зразумець, па якой прычыне пачаўся разлад ва ўзаемаадносінах, што прымусіла шукаць сяброўства з алкаголем. Галоўнае, дапамагчы бацькам стаць на шлях выпраўлення. Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна.

Пасяджэнне камісіі пачынаецца з прыемнага моманту. Першая сям’я здымаецца з уліку і перастае мець статус «у сацыяльна небяспечным становішчы». Праблемы ў ёй пачаліся з-за злоўжывання алкаголем, але бацька своечасова ўзяўся за розум. Мужчына ўладкаваўся на працу, наладзіў узаемаадносіны з жонкай і дзецьмі. Застаўся невялікі доўг за паслугі ЖКГ, але сям’я абяцае, што ў бліжэйшы час яго пагасіць.

– Што важней: сябры і алкаголь ці дзеці і сям’я? – задае рытарычнае пытанне бацьку старшыня камісіі Святлана Юрлевіч. – Спадзяюся, тут мы вас больш не пабачым, ні як даўжнікоў, ні як сям’ю ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Наступная «ячэйка грамадства» трапіла пад асаблівы кантроль сацыяльных службаў у 2017 годзе. Маці выхоўвае пецярых дзяцей адна, муж адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. Сям’я валодае дзвюма кватэрамі, але за камунальныя плаціць нерэгулярна. Доўг з кожным месяцам расце і на момант пасяджэння камісіі складаў больш за 2500 рублёў. Як прызнаецца жанчына, яна зарабляе 350 рублёў у месяц, і гэтага проста не хапае на ўсе патрэбы. Члены камісіі прапануюць шляхі вырашэння праблемы: спагнаць аліменты з мужа, звярнуцца за адраснай дапамогай у сацслужбу, паспрабаваць знайсці працоўнае месца з большай зарплатай, далучыць да працы сваіх старэйшых дзяцей, напрыклад, уладкаваць іх у студатрад…Але жанчына слухае ўсё безудзельна і абыякава.

Камісія будзе працягваць праводзіць у сям’і прафілактычную работу, у тым ліку кантраляваць выплату запазычанасці па камунальных плацяжах.

Дачка наступнай «гераіні» пася-джэння, па словах педагогаў школы, расце некіруемым дзіцем. Дзяўчынка ў свае 12 гадоў прагульвае школу, грубіяніць, можа нават не начаваць дома і ўжо атрымала пакаранне за правапарушэнне. Бацькі не жывуць разам, і школьніца карыстаецца тым, што бацька не цікавіцца яе жыццём,а маці працуе ў суседнім горадзе.

Жанчына, здаецца, не бачыць праблем у сваёй сям’і. З камісіяй размаўляе эмацыянальна і ва-рожа. Па словах супрацоўнікаў школы, так яна паводзіла сябе і з імі: на тэлефонныя званкі не адказвала, адмаўлялася прыходзіць на прыём да нарколага, ігнаравала бацькоўскія сходы, калі ж педагогі прыходзілі дадому, іх не ўпусцілі.

Камісія будзе працягваць назіраць за гэтай сям’ёй. Маці раяць адмовіцца ад алкаголю, больш увагі ўдзяляць дачцэ, арганізаваць яе занятасць на летні час, кантраляваць наведванне школы і сачыць за паспяховасцю, не перашкаджаць адказным службам абследаваць умовы жыцця і выхавання.

Усяго камісія на гэты раз разгледзела 8 спраў. Кожны выпадак, як даследчыкі, вывучалі, нібы пад мікраскопам. Толькі пад асабістай увагай не мікраарганізмы, а нешта больш крохкае і тонкае – справы сямейныя.

Факт

На 1 ліпеня 2019 года ў Ляхавіцкім раёне статус «у сацыяльна небяспечным становішчы» мае 31 сям’я, у якой выхоўваецца 63 дзіцяці.

Ірына КУЗЬМІЧ.