Удойны сакрэт «Дамашоў» ААТ «Жарабковічы»

Брыгадзір МТФ Таццяна Пірштук (у цэнтры), слесар Міхаіл Домаш, аператары машыннага даення Анастасія Прыхач і Наталля Карагода.

Каля 9 гадзін раніцы ляхавічанка Наталля Карповіч садзіцца за руль сваёй легкавушкі і па звыклым маршруце райцэнтр–Сваятычы–Дамашы збірае сябровак-калег, каб дружнай камандай ехаць на ранішнюю дойку на МТФ «Дамашы» –  адну з дзевяці ў ААТ «Жарабковічы». Яшчэ адзін рэйс у такім жа накірунку на вячэрнюю дойку.

– Без малога паўтара дзесяцігоддзя працую аператарам машыннага даення ў «Жарабковічах». Люблю сваю работу. З рагулямі ладзіць лёгка, галоў-нае – знайсці да іх падыход. Жывёла, як дзіця, адчувае ўсё. Калі да яе з ласкай, то і надоі будуць высокія, як у нашых любіміц – кароў Лаванды, Фросі, Каркушы, Камілы, Калабка, – упэўнена Наталля.
У пацвярджэнне словаў – лічбы. Сёлета за паўгоддзе Наталля Карповіч надаіла 4390 кілаграмаў ад кожнай каровы (усяго 167 тон). Яе калегі Анастасія Таўпека – 3803, Ірына Трапейка – 3859, Наталля Мервянецкая – 3658 кілаграмаў, крыху менш у падменнай Анастасіі Прыхач.
Наталля Мервянецкая адразу па прыездзе на ферму спяшаецца да цялячых ясляў: паглядзець, папесціць самых маленькіх гадаванцаў. Яна таксама тутэйшы працаўнік-старажыл. Гаворыць, што задавальняе ўсё: створаныя ўмовы, зарплата і калектыў. Побач на ферме працуе жывёлаводам і муж Дзяніс Салавей.
Дарэчы, пра сямейны падрад. Ёсць на ферме яшчэ адна пара, якая спецыялізуецца на доглядзе за цялятамі, – Наталля і Мікалай Пронькі, іх агульны стаж у «Дамашах» 21 год. Пра маладое рагуліна папаўненне таксама клапоціц-ца даглядчык Андрэй Гусеў. Штодзённыя прывагі цялят тут складаюць 727 грамаў.
– Валавы надой малака па «Дамашах» за шэсць месяцаў склаў 597 тон, на 26,5 тоны больш, чым за аналагічны мінулагодні перыяд. Канешне, прыемна, што наша МТФ паказвае леп-шы вынік у гаспадарцы. Але мы нацэлены на большае. З такім калектывам абавязкова атрымаецца, – сцвярджае брыгадзір «Дамашоў» Таццяна Пірштук. Яна сама тутэйшая, сялянскую справу ведае з дзяцінства, фермай кіруе пяць гадоў і, як адзначаюць у сельгаспрадпрыемстве, ме-навіта з яе прыходам справы тут пайшлі на лад. Брыгадзірыць, толькі ў паляводстве, і яе муж Іван Пірштук.

Ветурач Міхаіл Керко.


Сёння гэта МТФ на слыху. 24 кілаграмы малака штодзень дояць у сярэднім ад кожнай каровы (дойны статак – 151 рагуля), па сельгаспрадпры-емстве – 18,3 кілаграма.
Што спрыяе высокаму паказ-чыку? Перш за ўсё, кармавая база. Значная ўвага надаецца мадэрнізацыі, некалькі гадоў назад тут замянілі абсталяванне, адрамантавалі памяшканні, даільны блок. Раней неаднойчы ўзнімалася пытанне арганізацыі гноевыдалення на ферме: рэчка сцёкаў разлівалася па наваколлі. Правялі работу над памылкамі: адрамантавалі – і цяпер пра сцёкі забыліся. Бясспрэчны плюс да агульнага выніку – стварэнне належных умоў для работнікаў фермы.
У адказе за здароўе статка і яго патомства ветурач і па  сумяшчальніцтве тэхнік-асемянатар Міхаіл Керко.
– Шмат увагі надаём прафілактыцы. У жывёл, як і ў людзей, хваробу лягчэй папярэдзіць, чым потым лячыць. На пашы нашы каровы знаходзяцца з 5 да 10 гадзін раніцы і з 14 да 20 гадзін: атрымліваюць сонечныя ванны, ласуюцца сакавітай траўкай, паляпшаецца імунітэт жывёлы, – расказвае Міхаіл Аляксандравіч.

Жывёлаводы Мікалай і Наталля Пронькі, Алена Капуста.


Дастаткова глянуць на тэрыторыю фермы, каб зразумець: тут працуюць дбайныя руплівыя гаспадары. Парадак – норма. Вакол прыдуманыя і ўвасобленыя жывёлаводамі ў жыццё кампазіцыі са спадручных матэрыя-лаў. У кароўніках і ніякага спецыфічнага «водару». Нездарма па выніках унутрыгаспадарчага конкурсу па добраўпарадкаванні тэрыторыі ў «Дамашоў» ганаровае другое месца. І гэта нягледзячы на тое, што МТФ – адна са старэйшых у гаспадарцы.
– Калектыў невялікі – усяго 19 чалавек, але дружны. Узаемазамяняльнасць, падтрымка, дапамога – пра іх, – расказвае намеснік дырэктара ААТ Леанід Варвашэвіч.

Прапісная ісціна: калі добра накарміць жывёлу, яна абавязкова аддзячыць вялікім малаком. Спрацавала яна і на тальмінавіцкіх каровах. «Жарабковічы» для тамашніх рагуль накрылі добры кармавы стол, палепшылі ўмовы ўтрымання, і цяпер яны даюць па 14,3 кілаграма малака – больш, чым на жарабковіцкіх фермах «Улазавічы» і «Шавялі».
У параўнанні з «дамашоўскімі» 24 кілаграмамі ад кожнай каровы зусім сціпла выглядаюць надоі ў КСУП «Востраў-Агра» (8,5 кілаграма), райаграсэрвісе (9,1 кілаграма) і «Шляху новым» (11 кілаграмаў). Не радуе і якасць малака ў некаторых з гэтых сельгаспрадпрыемстваў. «Вост-раў-Агра» прадае пера-працоўшчыкам сырадой першым гатункам, «Шлях новы» пастаўляе 44 працэнты – экстра, 29 працэнтаў – вышэйшым, 27 працэнтаў – першым.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Аператар машыннага даення Наталля Мервянецкая.
Лепшы аператар машыннага даення фермы Наталля Карповіч.