На малочным п’едэстале. Напачатку ліпеня сутачны надой малака па ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна перасягнуў 50 тон


Галоўны заатэхнік ААТ «Жарабковічы» Леанід Новік

Такую вытворчую планку гаспадарка раёна ўзяла  ўпершыню. Напачатку ліпеня  сутачны надой малака па ААТ «Жарабковічы»  перасягнуў 50 тон.

На гэты залаты малочны п’едэстал узбірацца не даводзілася яшчэ нікому на Ляхавіччыне, падкрэсліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Камінскі падчас сустрэчы з кіраўніцтвам гаспадаркі, камандай зааветэрынарных спецыялістаў, якую вось ужо каля паўтара дзясятка гадоў узначальвае галоўны заатэхнік Леанід Новік. Менавіта яму Аляксандр Віктаравіч уручыў Падзяку старшыні райвыканкама за значны і важкі ўклад у развіццё жывёлагадоўчай галіны раёна, дасягненне найвышэйшых вынікаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.

Разам з падарункамі – пажаданні новых вытворчых дасягненняў. Прагучала і такое: праз пяцігодку выйсці на ўдвая больш высокі вынік.
А з такімі працаўнікамі, высакакласнымі спецыялістамі сельскай гаспадаркі, як у «Жарабковічах», гэта ўпаўне рэальна. Іменна чалавечы фактар з’яўляецца галоўным складнікам любога поспеху, на чым настойвалі ўсе, з кім давялося пагутарыць падчас жарабковіцкай сустрэчы. У тым ліку і галоўны па жывёлагадоўлі гаспадаркі Леанід Новік, які расказаў і паказаў, як каваўся залаты жарабковіцкі п’едэстал.
Галоўнае – людзі. Іх уменне і жаданне працаваць, адказнасць, культура вытворчасці стаяць у аснове поспеху. Гутарка не толькі пра жывёлаводаў. Напрыклад, ад якаснай работы  корманарыхтоўшчыкаў залежыць не менш. У гэтым сезоне мы нарыхтавалі ўжо 12 тысяч тон сенажу. Травы ідуць нядрэнна, думаю, зможам «падняць» яшчэ тысяч дзесяць. Стаўку робім на бабовыя, гэта – пратэін, – расказвае Леанід Аляксеевіч, пакуль яго службовая «Ніва» трымае курс на адну з малочнатаварных фермаў гаспадаркі.
У «Жарабковічах» іх дзевяць, дзясятая знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва. Размешчаная побач са старой зарытаўскай,
яна стане другой абсталяванай высока-тэхналагічнай даільнай залай. Першым такім аб’ектам у «Жарабковічах» з’яўляецца малочнатаварны комплекс «Чашчы». Кідаюцца ў вочы чысціня, удасканаленае пакрыццё дваровай тэрыторыі.
– Засталося ўзвесці прафілакторый для цялят галоў на 200, і на гэтым усе будаўнічыя работы будуць завершаны. Справіцца з задачай думаем да наступ-лення зімы, – дзеліцца планамі Леанід Аляксеевіч.
Больш як 10 тон малака штодзённа гаспадарка атрымлівае іменна на МТК. Усё яно тут гатунку экстра. Хоць і не ў абсалюце ад надоенага, але экстра-малаком могуць таксама пахваліцца жывёлаводы МТФ «Шавялі», «Зарытава», «Улазавічы», «Дамашы» і некаторыя іншыя. Дамашоўская ферма, пра якую зусім нядаўна расказваў «ЛВ», з’яўляецца лідарам па паказчыку ўдойнасці: ад кожнай каровы на ёй штодзённа атрымліваюць каля 26 кілаграмаў малака. У сярэднім па ААТ дояць больш за 18 кілаграмаў малака ў суткі ад кожнай каровы.
Вось з такой арыфметыкі і выбудоўваецца вышэйшая вытворчая матэматыка, выражаная лічбай 50 тысяч кілаграмаў малака штодзённа.
– За кожным кілаграмам работа кожнага з жывёлаводаў, механізатараў, спецыялістаў, кіраўніцтва гаспадаркі. Сярод самых-самых даяркі Людміла Кудзін і Лідзія Чаркас, загадчыкі фермаў Таццяна Пірштук і Адам Гарыбян. І усе-усе, падводзіць вынік галоўны заатэхнік гаспадаркі Леанід Новік.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.