Пяцізоркавы адпачынак для Шарыка і Мурзіка. Амаль дзесяць гадоў у Ляхавіцкім раёне працуе заагасцініца

Пра сваіх пастаяльцаў Сяргей Купчынскі можа расказваць бясконца. За амаль дзесяцігоддзе існавання ўласнай заагасцініцы ён навучыўся падбіраць ключык да характару любога хвастатага. Для шчаслівых канікулаў братоў нашых меншых стварыў усе ўмовы: прасторныя домікі-вальеры, месцы для выгулу, збалансаванае харчаванне і, вядома ж, клопат і нагляд. Не кожны буйны горад Беларусі можа пахваліцца такой эксклюзіўнай паслугай, а ў нас на Ляхавіччыне – ёсць.

Ідэя стварыць гасцініцу для хатніх жывёл узнікла ў сям’і Купчынскіх пасля таго, як яны вырашылі пераехаць з Баранавічаў у вёску Конькі нашага раёна. Новы дом шукалі з улікам спецыфікі бізнесу: прасторны ўчастак, каб месца хапала і для сям’і, і для чатырохлапых пастаяльцаў.

– У нас былі сабакі, і сябры часта давяралі сваіх гадаванцаў, калі даводзілася ад’язджаць надоўга. Мы з жонкай падумалі і вырашылі: чаму б не паспрабаваць, – расказвае Сяргей Купчынскі.

Ён перакананы, што да хатніх любімцаў трэба ставіцца, як да паўнацэннага члена сям’і і заводзіць толькі тады, калі ўпэўнены ў сваіх сілах, калі ёсць магчымасцьдобра карміць, даглядаць, лячыць пры неабходнасці. Сам сабаку завёў, калі купіў уласнае жыллё. Каб больш разумець братоў нашых меншых, вучыўся на дрэсіроўшчыка ў Польшчы.

Зараз у заагасцініцы могуць «часова прапісацца» дзесяць сабак і чатыры каты. Дарэчы, гасцююць у Купчынскіх і больш экзатычныя пастаяльцы: не так даўно прыглядалі за хамяком.

Калі жывёлы прыязджаюць, гаспадары абавязкова павінны расказаць пра іх звычкі, асаблівасці характару, якому корму аддаюць перавагу, ці ёсць захворванні, напрыклад, алергія. Усё гэта робіцца для таго, каб вусаты пастаялец камфортна адчуваў сябе на новым месцы, і працэс адаптацыі прайшоў лёгка і спакойна.

Геаграфія «кліентаў» гасцініцы шырокая: жывёл на ператрымку вязуць з розных гарадоў Беларусі, бывалі «госці» з Масквы і Санкт-Пецярбурга. Некаторыя гаспадары прыво-зяць хатніх любімцаў ужо шмат гадоў запар.

На жаль, здараецца і так, што жывёлу прывозяць пагасцяваць, аплачваюць пэўны перыяд, а потым гаспадары знікаюць і не адказваюць на тэлефонныя званкі. Быў час, калі ў Купчынскіх жылі сем сабак і пяць шчанят. Для некаторых знайшлі новы дом, а нехта застаўся жыць у сям’і. За шмат гадоў Сяргей і Ніна Купчынскія ўпэўніліся, што жывёлы, як маленькія дзеці: таксама сумуюць, капрызнічаюць, сябруюць. Былі выпадкі, якія яны не могуць успамінаць без усмешкі.

– Неяк сабака-пастаялец пасябраваў з нашым хатнім. Прыйшоў час з’язджаць, сабаку пасадзілі ў машыну, а ён паводзіць сябе вельмі неспакойна, скрабецца ў дзверы.Вырашылі паглядзець, куды ён так настойліва просіцца. Толькі дзверы машыны адчыніліся – сабака бягом да свайго сябра, на развітанне лізнуў яго ў нос і назад. Вось і хто пасля гэтага скажа, што паміж жывёламі сяброўства не бывае? – смяецца Ніна Купчынская.

Сяргей і Ніна Купчынскія з унучкай Янай.

Ці вось яшчэ адзін выпадак, які запомніўся гаспадарам заагасцініцы. Да іх прывезлі сабаку пароды баксёр. Вялікі, грозны. Яго адразу пасялілі ў вальеру, паклалі коўдру, каб было камфортней. Праз некаторы час вярнуліся і вачам сваімне паверылі: сабака ляжыць на падлозе, вочы поўныя слёз,аж усхліпвае, як чалавек, нават нацякла невялікая слёзная лужынка. Вось так перажывала расставанне з гаспадаром.


Самае галоўнае ў рабоце з жывёламі – ласка і цярпенне, лічаць Купчынскія. А самая вялікая ўзнагарода – удзячнае вілянне хвастом пастаяльцаў і спакой іх гаспадароў, якія могуць адпачываць і ведаць, што любімец у надзейных руках.

Ірына КУЗЬМІЧ. Фота аўтара.