Гонар малой радзімы. Па ініцыятыве краязнаўцаў школы і членаў БРСМ сабраны матэрыял пра знакамітых людзей і выпускнікоў Начаўскай школы

Начаўская зямля багатая на таленавітых людзей, якія пакінулі значны след у гісторыі раёна, вобласці, краіны. Адны праявілі сябе ў навуцы, культуры, палітыцы, адукацыі, а іншыя засталіся працаваць у родным раёне ці вёсцы.
Па ініцыятыве краязнаўцаў школы і членаў БРСМ было вырашана паглыбіць, абагульніць і сістэматызаваць сабраны матэрыял пра знакамітых людзей і выпускнікоў Начаўскай школы. Створаны электронны даведнік «Гонар малой радзімы», які размешчаны на сайце ўстановы адукацыі. 37 вучняў 8-11 класаў удзельнічалі ў праекце.
Асабліва адзначым цыкл «Сустрэчы на начаўскай зямлі» і яго складнікі: даследчую работу «Маёнтак Чарноцкіх: мінулае і сучаснае»; аднайменны відэафільм; творчая работа «Сапраўдны гаспадар сваёй зямлі» пра кіраўніка фермерскай гаспадаркі «Даманскае» Івана Шкляніка; прэзентацыю сямейнай педагагічнай дынастыі Іваноўскіх; слайд-шоу «Лідзія Карпінская – Заслужаны настаўнік БССР».
А яшчэ былі сустрэчы за круглым сталом з выдатнікам адукацыі Галінай Бунель, з былым дырэктарам племзавода «Нача» Міхаілам Варановічам, завочнае знаёмства з удзельнікамі ВДНГ Аляксандрай Круглік, Вольгай Ясько. У рубрыцы «Знаёмцеся: «Чалавек года-2017» адзначаны Уладзімір Ксёнжык; гісторыя аднаго партрэта звязана з асобай Івана Клішэўскага; у галерэі цікавых людзей – дырэктар «Трансэлектракамплекта» Генадзій Сакуць; «Чалавек сваёй справы» – дырэктар ДП «Нача» Мікалай Тарлюк.
Заключны этап праекта – сістэматызацыя напрацаваных матэрыялаў, напісанне справаздачы, фотасправаздача цыкла мерапрыемстваў «Сустрэчы на начаўскай зямлі».
Праект прымаў удзел у раённым, абласным і рэспубліканскім этапах ХVІІІ выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Па выніках усіх трох этапаў работа была адзначана дыпломамі І ступені.
Матэрыялы праекта выкарыстоўваюцца класнымі кіраўнікамі, педагогам-арганізатарам, кіраўнікамі краязнаўчых гурткоў, настаўнікамі гісторыі, геаграфіі ўстаноў адукацыі Ляхавіцкага раёна.

Марына ГЛУШКО,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.
Святлана ЧАРАНКЕВІЧ,
настаўнік геаграфіі Начаўскай СШ.