Прысмакі без радыенуклідаў. Ці ўсе дары лясоў, садоў і агародаў аднолькава карысныя і бяспечныя?

Сярэдзіна ліпеня – сезон ягад, садавіны і агародніны. Іх на рынку прапануюць на любы густ. І не толькі на рынку: гандлююць каля крамаў, разаслаўшы ручнікі ці проста з зямлі, расставіўшы слоічкі з чарніцамі ці малінай, пакецікі з маладой бульбай, агуркамі. Прадаўцы ўсе, як адзін, нахвальваюць свой тавар: у кожнага ягада сакавітая, чыстая, сабраная сваімі рукамі ў запаведным кутку ляхавіцкага лесу.

Але ці ўсе дары лясоў, садоў і агародаў аднолькава карысныя і бяспечныя? Як разам з ягадамі і грыбамі не прынесці ў кошыку нітраты і радыенукліды? Па адказы на гэтыя пытанні «Ляхавіцкі веснік» адправіўся на мясцовы рынак, дакладней, у лабараторыю ветэрынарна-санітарнай экспертызы. Менавіта тут сочаць за тым, каб на рынку прадаваліся якасныя і бяспечныя прадукты харчавання.
Як расказаў ветурач лабараторыі Павел Сіцько (на здымку), зараз самы «хадавы» прадукт – лясная ягада. І сапраўды, праз некалькі хвілін у лабараторыю прыносяць вядзерца чарніц. Жанчына запэўнівае, што некалькі гадоў ягаду збірае каля Ганчароў, і ніколі адхіленняў ад нормаў не было.


– Па лясных ягадах і маліне вядзём радыелагічны кантроль. У ягадах паказчыкі не павінны перавышаць 40 бекерэль на кілаграм, у грыбах дапускаецца 370 бекерэль, – адзначае Павел Сіцько.
Проба ягад адпраўляецца ў гама-радыёметр – спецыяльны апарат для вымярэння наяўнасці радыенуклідаў у прадукце. Чакаем некалькі хвілін. Ягада «чыстая», усяго 17 бекерэль. Як адзначае Павел Казіміравіч, у гэтым годзе адхіленні ад нормы не выяўляліся – максімальны паказчык – 21 бекерэль на кілаграм.
Жанчыне выпісваецца даведка, што яе ягада прайшла праверку.
Такая працэдура абавязковая для ўсіх прадуктаў, якія трапляюць на прылаўкі рынку. Там ляхавічане гарантавана купляюць бяспечныя прадукты. А вось бабулі каля магазінаў ці прадаўцы, якія прапануюць грыбы і ягады на абочыне дарог, ніякіх даведак не маюць. Хто ведае, дзе яны на самай справе збіралі чарніцы, грыбы. Можа, каля чыгункі ці магістралі, або прывезлі дары лесу з рэгіёна, дзе паказчыкі радыяцыі зашкальваюць? Каб мець гарантыю, што тавар не пашкодзіць здароўю, купляйце яго толькі ў санкцыянаваных месцах.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.