Футбол нашага двара. Арганізатары абласнога этапу «Скураны мяч» назвалі лепшых юных футбалістаў
«Скураны мяч» – турнір, якому ад нараджэння ўжо адчувальна больш за паўстагоддзя. Некалі ўсесаюзны, у суверэннай Беларусі ён быў адноўлены ў 1997 годзе. Пачынаючы з 2007 года, шэфства над турнірам узяў Прэзідэнцкі спартыўны клуб, і «Скураны мяч» стаў спаборніцтвам на прызы клуба. Гэта новая вяха, дадатковы і магутны штуршок у развіцці дваровага футбола. «Скураны мяч» не для «прафесіяналаў», а хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат, якія спасцігаюць майстэрства «гульні нумар адзін» у спартыўных секцыях, школах, клубах пад кіраўніцтвам кваліфікаваных трэнераў-выкладчыкаў. Гэта спаборніцтва каманд двара, школы, вуліцы, населенага пункта. Акрамя відавочнай – прапаганда і папулярызацыя футбола – мэтамі спаборніцтва з’яўляюцца патрыятычнае выхаванне моладзі, арганізацыя вольнага часу. Канешне ж, выяўленне юных талентаў з наступным запрашэннем іх у спартыўныя школы і секцыі.
У першую чаргу, іменна за новымі талентамі наведваюць трыбуны «Скуранога мяча» трэнеры і спецыялісты футбола. Для многіх вядомых і тытулаваных майстроў гульні турнір стаў адпраўнай кропкай да вяршынь майстэрства.
«Скураны мяч-2019» праводзіцца ў некалькі этапаў для каманд юнакоў і дзяўчат трох узроставых катэгорый. Ляхавіцкая каманда юнакоў 2007-2009 гадоў нараджэння атрымала права пазмагацца за так званае занальнае першынство. Гульні ў рамках зоны праходзілі напрыканцы чэрвеня ў Івацэвічах. Турнір чатырох, дзе за перамогу і права крочыць далей па сетцы, акрамя гаспадароў пляцоўкі і нашых землякоў, змагаліся каманды з Ганцавіч і Баранавіч.
Ляхавічане аказаліся лепшымі сярод роўных і атрымалі пуцёўку на абласны этап «мяча». Праходзіў ён 13-14 ліпеня ў тых жа Івацэвічах, куды прыехалі лепшыя па выніках папярэдняга этапу спаборніцтва занальныя каманды Брэстчыны. Кампанію нашым склалі футбалісты-равеснікі са Століна, Жабінкі, Белаазёрска. Абедзве праведзеныя ляхавічанамі гульні завяршыліся не на іх карысць. Вынік – чацвёртае месца, «Скураны мяч-2019» для іх завершаны. Пераможцамі ж сталі столінцы, якія працягнуць выступленне на фінальным – рэспубліканскім – этапе спаборніцтва. Ён адбудзецца ў Мінску на пачатку верасня.
Арганізатары абласнога этапу «мяча» назвалі лепшых юных футбалістаў кожнай з чацвёркі каманд. З ляхавічан прыз «лепшы ў камандзе» дастаўся Мацвею Бусько (на здымку).
Іван КАВАЛЕНКА.