Фатальнае «глупства». Як знайсці правільнае выйсце са складанай сітуацыі, расказвае урач-псіхіятр Альбіна Тупальская
Маёй знаёмай Д. 26 гадоў. Яна шчаслівая мама і жонка, займаецца тым, да чаго ляжыць душа. Дом – поўная чаша, кветкі на падаконніках, любімыя кошкі. Але ўсяго гэтага магло і не быць…
У падлеткавым узросце Д. была без памяці закахана ў маладога чалавека. Аднойчы яны пасварыліся, і дзяўчына ў роспачы схапіла бацькаву брытву і чыркнула лязом сабе па запясці. Усё абышлося, не давялося нават звяртацца ў бальніцу, рана аказалася неглыбокая.
Зараз гэты выпадак Д. называе «неабдуманым глупствам». Каханне прайшло, а на памяць пра «глупства», якое магло стаць фатальным, застаўся маленькі шрам на руцэ.
Але, на жаль, не ўсе спробы суіцыду заканчваюцца такім чынам. Летась у нашым раёне па ўласным жаданні пайшлі з жыцця 11 чалавек. Як правіла, першыя пытанні, якія задае грамадства, «хто вінаваты?» і «што рабіць?». Але ў гэтай няпростай тэме ёсць яшчэ шмат важных аспектаў. Чаму ніхто не заўважыў, што чалавеку патрэбна дапамога? Што рабіць, калі табе або твайму блізкаму невыносна дрэнна? Чаму да гэтага часу самым надзейным «псіхолагам» шмат для каго становіцца алкаголь?
Як чалавек адважваецца на такі крок, і чаму не заўсёды атрымліваецца прадухіліць страшнае. Гэтыя і іншыя пытанні «ЛВ» задаў урачу псіхіятру райбальніцы Альбіне ТУПАЛЬСКАЙ.
– Альбіна Мікалаеўна, як можна зразумець, што чалавек вырашыў звесці рахункі з жыццём?
– Існуе меркаванне, што самазабойцы загадзя рыхтуюцца: развітваюцца са сваякамі, аддаюць даўгі, пішуць запіску. Але часцей за ўсё такі ўчынак імпульсіўны і неабдуманы , да яго прыводзяць крыўда, стрэс, канфлікт… Для блізкіх і сяброў можа быць не зразумелы матыў, яны часам нават не здагадваюцца пра тое, што чалавека нешта хвалюе.
У першую чаргу, трэба звярнуць увагу на паводзіны чалавека. Калі ён актыўна працаваў, добра спаў, паўнацэнна харчаваўся і раптам стаў апатычным і абыякавым ці, наадварот, паводзіць сябе імпульсіўна і эмацыянальна, – гэта можа стаць сігналам. Канешне, нельга сказаць, што такія паводзіны на сто працэнтаў паказваюць, што чалавек рыхтуецца да суіцыду, але звярнуць увагу на такія змены трэба.
– Ці ёсць узрост, у якім людзі больш за ўсё схільныя да стрэсаў і могуць учыніць непапраўнае?
– На неабдуманыя ўчынкі могуць пайсці людзі любога ўзросту. Але асабліва востра стаіць праблема падлеткавага суіцыду. Гэта ўзрост 14-18 гадоў: перыяд палавога паспявання, калі гармоны «бурляць», а ў галаве юнацкі максімалізм.
Не абыходзіць бокам гэтая праблема і людзей сталага ўзросту. Страх адзіноты, да таго ж з узростам пажылыя людзі становяцца вельмі ўспрымальныя і ранімыя. Адно неабдуманае слова можа падштурхнуць да непапраўнага.
Яшчэ адзін фактар, які часта штурхае людзей да суіцыду, –уздзеянне алкаголю. У маёй практыцы быў выпадак: мужчына ўчыніў спробу суіцыду, але выжыў. Пралячыўся. Калі зноў вярнуўся дадому, апынуўся ў той жа кампаніі. Зноў выпіўка. Другі раз яго выратаваць не ўдалося.
– Вы закранулі праблему падлеткавага суіцыду. На што трэба звярнуць увагу бацькам?
– Зноў жа на паводзіны: неўласцівыя для дзіцяці ўчынкі павінны насцярожыць. Паглядзіце яго старонкі ў сацыяльных сетках, можа вашы сын ці дачка праводзяць час на нейкіх незразумелых і небяспечных сайтах, дрэнна спяць і ядуць. Вельмі насцярожвае, калі ў іх жыцці з’явіўся алкаголь.
– Як бацькам дзейнічаць у гэтым выпадку?
– Усё вельмі індывідуальна, для кансультацыі неабходна звярнуцца да спецыяліста. Магу параіць толькі адно: калі дзіця эмацыянальна рэагуе на крытыку ці заўвагі, то не трэба ставіць яго ў рамкі і размаўляць з ім ультыматыўна, груба. Дзеці павінны адчуваць любоў і клопат бацькоў.
– Ці можна вылучыць прычыны, па якіх чалавек ідзе на апошні крок?
– Назваць поўны спіс прычын, вядома ж, немагчыма. Але надламіць чалавека можа што заўгодна: сваркі ў сям’і, няўдачы на працы. Падлеткі часта пакутуюць ад насмешак над сваёй камплекцыяй, непаразумення з аднагодкамі, а таксама ціску бацькоў. Нядаўна ў Брэсце быў выпадак: дзяўчына-старшакласніца скочыла з моста. Выдатніца, медалістка, прыгажуня, сям’я забяспечаная. Прагучала фраза – яна не хацела ісці ў медыцынскі, але бацькі прымусілі…
– Ці можна прадухіліць самагубства?
– Дапамагчы чалавеку можна толькі ў тым выпадку, калі ён сам
хоча ўратавацца. Наладжвайце ўзаемаадносіны ўсям’і, размаўляйце, абмяркоўвайце праблемы сваіх дзяцей. Няхай у вас будуць даверлівыя адносіны, і дзеці не баяцца падзяліцца з вамі патаемным.
Тое ж самае і з сябрамі, сваякамі. Нядаўна супрацоўнікі міліцыі расказалі, што да іх звярнулася жанчына: яе муж прыгразіў павесіцца. Жанчына не маўчала, папрасіла дапамогі. Мы выклікалі мужчыну на прыём. Разам шукалі каштоўнасці, прыярытэты, каб чалавек нешта пераасэнсаваў у сваім жыцці. У выніку бяду змаглі прадухіліць.
Не бойцеся, не саромейцеся звярнуцца па дапамогу да спецыяліста, калі адчуваеце, што з вамі нешта не так. Не з кожнай праблемай можна справіцца самастойна.
Нагадваем, куды можна звярнуцца ў хвіліны адчаю і перажыванняў. Тэлефон даверу для жыхароў Ляхавіч і Ляхавіцкага раёна 2-11-81. Тэлефануйце з 8.00 да 19.00 (акрамя выхадных).
Экстранную псіхалагічную дапамогу можна атрымаць па
тэлефонах даверу:
рэспубліканскім – 8-017-352-44-44, 304-43-70 (для дарослых), 263-03-03 (для дзяцей і падлеткаў).
абласным – 8-0162-40-62-26.
Тэлефоны працуюць кругласутачна.
Гутарыла Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.