Агульная прастора для развіцця. VI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіў у Санкт-Пецярбургу 16-18 ліпеня
VI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіў у Санкт-Пецярбургу 16-18 ліпеня. Удзел у пленарным пасяджэнні прынялі прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін
Удзелу ў пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі папярэднічала сустрэча прэзідэнтаў дзвюх краін. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у час перагавораў абмяняліся прынцыповымі меркаваннямі, выпрацавалі новыя ініцыятывы па паглыбленні інтэграцыі паміж краінамі і даручылі ўрадам у бліжэйшы час іх адпрацаваць.
У прыватнасці, да пачатку снежня даручана распрацаваць праграму паглыблення інтэграцыі і дарожную карту па яе выкананні. Акрамя таго, пастаўлена задача дасягнуць прынцыповых пагадненняў для вырашэння бягучых пытанняў, у першую чаргу па цане на газ.
У сваёй прамове на пленарным пасяджэнні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на ўзаемадзеянні Беларусі і Расіі ў розных галінах, асабліва па лініі гуманітарнага супрацоўніцтва і рэгіянальных сувязей, адзначыў агульнасць гісторыі народаў дзвюх краін, падкрэсліў важнасць эфектыўнай маладзёжнай палітыкі і выказаўся на тэму інтэграцыі.
Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Беларусь, безумоўна, з’яўляецца самым блізкім стратэгічным партнёрам і саюзнікам Расіі. «Мы працуем па ўсіх напрамках. І ў сферы бяспекі, і ваеннай справы, у абаронцы, у эканоміцы. У нас расце тавараабарот, што не можа не радаваць. Расія – буйнейшы інвестар у эканоміку Беларусі», – дадаў расійскі лідар. Ён таксама адзначыў, што ёсць і пытанні, якія заўсёды ўзнікаюць у рамках такой вялікай сумеснай работы. І выказаў спадзяванне, што сустрэча пойдзе на карысць для таго, каб рухацца далей.
У мінулым годзе беларуска-расійскі тавараабарот вырас амаль на 10 працэнтаў і дасягнуў $35,5 мільярда. Паміж расійскімі і беларускімі рэгіёнамі заключана больш за 350 пагадненняў, накіраваных на паглыбленне кааперацыі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, фармацэўтыцы, транспартнай сферы.
Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні нагадаў, што ў снежні бягучага года краіны адзначаць 20-годдзе падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. «За мінулы час для забеспячэння роўнасці правоў грамадзян нашых краін зроблена нямала. Сёння ўрадавыя групы актыўна працуюць над паглыбленнем інтэграцыі і прыярытэтамі сумеснага развіцця», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што цяпер тысячы беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў звязаны вытворчай кааперацыяй. «І ў Беларусі гэта – усвядомленая палітыка», – заўважыў беларускі лідар.
«Стаіць задача захаваць і прымножыць дасягнутыя пазітыўныя вынікі работы ў эканамічнай сферы. Прыкладны характар нашых дамоўленасцей на вышэйшым узроўні праяўляецца ў развіцці супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі. Наогул кіраўнікам рэгіёнаў трэба падзякаваць. Я часта пра гэта гавару: не было б вас, сёння пра саюз Беларусі і Расіі і размоў не было б. Менавіта вы ў свой час выратавалі гэты праект. І мы абавязаны сёння ўжо на новым этапе нашага развіцця зрабіць усё, каб гэты праект не проста захаваць, а прымножыць», – расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што гэта карпатлівая і адрасная работа ўзбагачае двухбаковае супрацоўніцтва, прыносіць народам краін упэўненасць у заўтрашнім дні.
«У гэтым і ёсць сутнасць інтэграцыі: клапоцячыся пра жыццёвыя інтарэсы сваіх грамадзян, аб’яднаць намаганні для дасягнення сацыяльна-эканамічнага прагрэсу абедзвюх дзяржаў», – рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.
ФАКТ
Па выніках VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу будзе заключана кантрактаў на суму не менш як $550 мільёнаў. Акрамя таго, у час форуму падпісана 84 пагадненні аб супрацоўніцтве, у тым ліку ў гуманітарнай сферы.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Фота БЕЛТА.