Гарохава-дачны сезон адкрыты ў мінулую пятніцу ў аграгарадку Русінавічы

Як добра, што ўсе мы тут сёння сабраліся», – пад такія прывітальныя акорды ў мінулую пятніцу адкрылася сацыяльная дача ў аграгарадку Русінавічы на базе Дома сацыяльных паслуг. Сярод гасцей урачыстасці – старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі і старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч і іншыя. На наваселле запрасілі сяброў-суседзяў з ТЦСАН Баранавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў. Але пра ўсё па парадку.

Ад ідэі – да дачы

У Ляхавічах жыве каля трох тысяч пенсіянераў. Не ў кожнага з іх маецца прысядзібны ўчастак, а сядзець «на паверсе», асабліва летам, згодны не ўсе. Вось і з’явілася ў супрацоўнікаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, ТЦСАН цудоўная ідэя: арганізаваць для землякоў залатога ўзросту месца адпачынку на прыродзе. Задумку падтрымалі ў райвыканкаме і падхапілі нераўнадушныя ляхавічане. Тым больш і падыходзячае памяшканне мелася – больш як 100 квадратнымі метрамі «падзяліўся» Русінавіцкі ФАП. Так у медустановы з’явіўся «сусед».
Закіпела работа па добраўпарадкаванні. Супрацоўнікі ТЦСАН і іх падапечныя  фарбавалі, прыбіралі, рыхтаваліся да адкрыцця сацыяльнага аб’екта. У трох пакоях можа адначасова знаходзіцца да шасці чалавек. Тут ложкі, дыван, тэлевізар, мікрахвалёўка, мэбляй абсталявана кухня. Немалаважна, што размешчана дача недалёка ад райцэнтра – можна дабрацца нават на веласіпедзе. Ды і медыцынскае суседства вельмі дарэчы.
… За творчы бок арганізацыі падзеі адказвалі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. І яны да справы падышлі вельмі крэатыўна: закупілі тканіну і пашылі спадніцы ў блакітныя гарохі (а дачу вырашылі назваць гарохавай), упрыгожылі вокны фіранкамі. А яшчэ да ўрачыстасці пераклалі песні і выконвалі іх як прафесіяналы. Апладысменты не змаўкалі.

Запрашалі гасцінна, спявалі задорна

…У пятнічны дзень на дачы гучала вясёлая музыка, а гасцей сустракалі шчыра і радасна, кожнаму выдавалі сімвалічнае назве сацыяльнага аб’екта – у гарохі – упрыгожванне на адзенне.
Віншаваў гасцей і ўдзельнікаў «дачнага наваселля» старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса. Ён адзначыў, што сацыяльная дача – гэта працяг аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, якое з’явілася два гады назад пры тэрытарыяльным цэнтры і стала вельмі папулярным у ляхавічан. Не менш запатрабаваны і іншыя формы работы, накіраваныя на сацыяльную падтрымку. Сярод іх аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, Ганчароўскі дом сумеснага пражывання пажылых людзей і інвалідаў.
– На пенсіі жыццё толькі пачынаецца, гэта з захапленнем даказваюць нашы землякі. У іх шмат ідэй, задумак. Яны і ў спартзале, і ў велапаходзе, і танцуюць, і спяваюць. Іх нераўнадушшу пазайздросцяць многія маладыя, – падкрэсліў Леанід Іосіфавіч.
Адпачыць на сацыяльнай дачы змогуць не толькі пенсіянеры, але і людзі з абмежаванымі магчымасцямі, мнагадзетныя сем’і – усе тыя, хто знаходзіцца ў зоне ўвагі ТЦСАН.
– На «гарохавай дачы» не трэба сядзець у градах, тут сама прырода настройвае на адпачынак і творчасць, – дзеляцца начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень і дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская.
У дзень адкрыцця ўсяго было ўдосталь: шчырых водгукаў, падарункаў. Нават «гарохавую» стужку перарэзвалі. Назву дачы замацавалі калектыўнай пасадкай гарохавай клумбы. А старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Вольга Бурак перадала ў сацыяльную ўстанову пяць пледаў, клапатліва звязаных «саюзніцамі».
Плата за дачныя зручнасці сімвалічная – пяць рублёў у суткі. «Гаспадарыць» тут будзе сацыяльны работнік Іван Войцік.

МЕРКАВАННЕ

Таццяна САВАНЕЦ,
начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Баранавіцкага райвыканкама:

– Цікавая ідэя – сацыяльная дача. Думаю, што яна прыжывецца і будзе запатрабавана. Узялі праект і сабе на аловак. Сучасныя пенсіянеры іншыя, займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, нераўнадушныя да падзей. Ды і будынкам, якія пустуюць, можна такім чынам знайсці карыснае прымяненне.

Ганна МАЛЕВІЧ, наведвальніца аддзялення дзённага знаходжання:
– «Гарохавая» дача для ўсіх нас стала чымсьці новым, незвычайным. Як мы заўзята рыхтаваліся: у кожнага было даручэнне, з інтарэсам прыдумвалі, спрачаліся, хацелі, каб свята ўдалося. Спадзяёмся, што дача стане адным з сакрэтаў даўгалецця нашых землякоў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота  Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ