«Ляхавіцкі» сплаў. Хлебаробы СВК «Ляхавіцкі» ва ўсю шчыруюць на жніўных палетках
Рупліва, ашчадна і, што вельмі важна, аператыўна механізатары, вадзіцелі і ўсе, хто мае дачыненне да ўборачнай, працуюць на папаўненне засекаў. У «Ляхавіцкіх» камбайнераў резюмэ – пазайздросціць. Жніўны стаж многіх перасягнуў дзесяцігадовую планку.
Амаль дваццаць гадоў у камбайнера Віктара Кардаша (на здымку) лета праходзіць з абавязковым жніўным элементам. У сёлетнюю ўборачную ён настроены, як і заўсёды: на добры вынік – на шчодры ўраджай.
Сонца ззяла, ветрык падпяваў раўнамернаму гулу камбайнавых рухавікоў. Іх – камбайнаў – у той дзень на пшанічным, размешчаным непадалёку ад прыпынку «Вясёлая» палетку працавала тры. Што ні экіпаж, то сплаў майстэрства, жадання і ўмення працаваць. Уборкай пшаніцы «дырыжыраваў» сам старшыня «Ляхавіцкага» Іван Вітко. Камплімент з нагоды добрых ураджайных перспектыў быў прыняты з некаторымі папраўкамі: маўляў, пшаніца густая, высокая, але колас мог і павінен быць больш поўным. Гаспадарка ўсё для таго зрабіла і па праве разлічвала на большае, калі б не чэрвеньскія гарачыня і недахоп вільгаці ў момант яе найбольшай неабходнасці. Пшанічныя гектары на тым участку далі каля 40 цэнтнераў з гектара. Дарэчы, у сярэднім па гаспадарцы ўраджайнасць склала амаль 52 цэнтнеры зерня з гектара.
У той жа дзень «Ляхавіцкі» пачаў адгрузку пшаніцы ў залік дзяржзаказу. Як растлумачыў Іван Вітко, тэхнічная дасушка зерню не патрабуецца. Толькі даачыстка, пагрузка на аўто і шлях у Баранавічы – на мясцовы камбінат хлебапрадуктаў.
Акрамя ўборкі «фігуры» (а іменна такую назву меў сорт азімай пшаніцы), напрыканцы мінулага тыдня камбайнавалі трыцікале і рапс. Без уліку грэчкі і кукурузы, гаспадарцы ў гэтым годзе належыць убраць больш за 1600 гектараў збожжавых і зернебабовых культур. Гэта стартавая лічба, якая, зразумела, да цяперашняга часу істотна страціла сваю «вагу».
Іван КАВАЛЕНКА. Фота аўтара і Маргарыты КУХТА.