Хлебна і хвалебна. «ЛВ» шукае самую «жніўную» сям’ю

Зусім недзяжурнае гучанне набываюць словы «ўборка набірае тэмпы», калі трапляеш на жніўнае поле. Цэнтр сусвету і зусім асаблівы расклад з падпарадкаванасцю выключна коласу –
прыкмета гэтых дзён. Механізатары, вадзіцелі, аператары зернесушылак – галоўныя дзеючыя асобы ўборачнага марафону. Але ёсць яшчэ і падмога, без якой ім аніяк. Слесары-рамонтнікі гатовы ў любы момант ліквідаваць паломку тэхнікі, выратавальнікі і міліцыянеры стаяць на варце бяспекі ўборачнай кампаніі, работнікі сталовых шчыруюць над першым-другім-трэцім для хлебаробаў, а культуры – над тым, каб у хвіліну кароценькага адпачынку парадаваць іх папулярнай песняй ці запаліць усмешку трапным жартам…
На жніво працуюць многія службы. Прама ці ўскосна. Газета – не выключэнне: «ЛВ» вядзе прамы рэпартаж з хлебных палеткаў.
Адным словам, чытайце раёнку.
Журналісты да ўсяго іншага выра-шылі адшукаць самую шматлікую «жніўную» сям’ю сёлетняй уборачнай, у якой задзейнічаны бацькі-дзеці, браты-сёстры, дзядзькі-пляменнікі – чым больш, тым лепш! І тым рэальней атрымаць прыз «Ляхавіцкага весніка», які рэдакцыя плануе ўручыць самаму «дынастычнаму» прадстаўніцтву на жніве-2019. Шукаем самі і чакаем падказак ад нашых чытачоў!

Вольга БАРАДЗІНА.