Вытворчы эксклюзіў. Сем хвілін на гламур. На авечкаферме “Канюхі” Ляхавіцкага раёна пачаўся час «касметалагічных» працэдур
На авечкаферме “Канюхі” з 15 ліпеня пачаўся час касметалагічных працэдур, які заўсёды вызначаецца яшчэ і пільнай увагай з боку сродкаў масавай інфармацыі – у журналістаў ёсць магчымасць паназіраць, як стрыгуць і манікюраць авечак-бараноў. Не прапусцілі такую падзею і “веснікаўцы”. Пабывалі ў “Канюхах”, на свае вочы ўбачылі, як уладальнікі кучаравай шавялюры літаральна за некалькі хвілін у руках “заацырульніка” набываюць новы вобраз – модную прычоску “пад нуль” і падрэзаныя капыты.
У “салоне”, ролю якога выконвае спецыяльна прыстасаванае памяшканне адной з аўчарняў, работа кіпіць. Звыклым працэсам кіруе фельчар Наталля Кукета. Сёлета ў яе дбайныя памочнікі – будучыя калегі, а пакуль навучэнцы аддзялення ветэрынарнай медыцыны Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Для чатырох юнакоў і дзвюх дзяўчат гэта выдатная магчымасць замацаваць атрыманыя веды на практыцы і павучыцца ў вопытных майстроў.
–Мая задача пасля абрэзкі капытоў апрацаваць іх антысептычнымі прэпаратамі, каб не было заражэння. Спраўляюся. Акрамя таго, што атрымліваю навыкі, якія спатрэбяцца ў будучай працы, чарговы раз пераканалася: прафесію сабе выбрала правільна, – гаворыць трэццякурсніца ЛДАКа Вікторыя Арцюх.
Дарэчы, практыкантаў сюды прывозяць на транспарце ААТ “Жарабковічы”, яны, як і іншыя працаўнікі гаспадаркі, лічы, бясплатна харчуюцца, атрымаюць зарплату.
Наталля Кукета тым часам беражліва і ўважліва робіць “педыкюр” чарговаму кучараваму. Відаць, што кліенту “салонныя паслугі” падабаюцца.
Падчас стрыжкі кожны “кліент” у залежнасці ад узросту, памераў, пароды губляе да дзесяці кілаграмаў воўны. Для жывёлы падстрыгчыся – сапраўднае выратаванне ў гарачыню. Тым больш, стрыгальшчык Аляксандр Калюбка – “цырульнік” віртуозны. Памочнікі ў майстра таксама каляджане, яны выконваюць ролю фіксатараў – трымаюць “кліентаў”.
–За дзень стрыгальшчык апрацоўвае 80-90 жывёл. Калі да яго далучыцца калега, справа пойдзе ўдвая хутчэй. Увогуле, своечасовая стрыжка, як ні дзіўна, уплывае на апетыт, адпаведна – набор вагі і фізічную актыўнасць, здароўе жывёлы, – тлумачыць загадчык фермы Рыгор Зубік.
Пасля стрыжкі воўна сартуецца. Пад прэсам фармуюцца цюкі вагой 100-150 кілаграмаў. Далейшы шлях – на Смілавіцкую валюшна-лямцавую фабрыку.
У гэтым годзе ў “Жарабковічах” плануюць настрыгчы больш за дзевяць тон воўны вышэйшай якасці.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.