Усе як адзін — Рымшы. Традыцыйную сустрэчу на гэты раз яны прызначылі ў Мыслабажы Ляхавіцкага раёна /абноўлена/


Тыя ліпеньскія выхадныя ў вёсцы Мыслабаж выдаліся сонечнымі і цёплымі. І справа не ў надвор’і, хаця і яно спрыяла добраму настрою, а ў сямейным свяце, якое ахутвала кожнага неверагоднай аўрай душэўнага цяпла.

Тыя ліпеньскія выхадныя ў вёсцы Мыслабаж выдаліся сонечнымі і цёплымі. І справа не ў надвор’і, хаця і яно спрыяла добраму настрою, а ў сямейным свяце, якое ахутвала кожнага неверагоднай аўрай душэўнага цяпла.

– Дзень добры, родныя! Дзень добры, любімыя! – пад дахам альтанкі сабраліся 80 чалавек з розных куткоў Беларусі. А аб’ядноўвае іх прозвішча агульнага продка – Рымша. Кожнага тут сустракалі з распасцёртымі абдымкамі, да кожнай пад’язджаючай машыны прыглядаліся – можа нашы? Да мяне, пакуль фатаграфавала, некалькі разоў падыходзілі і пыталіся, чыя буду, рыхтуючыся абняць. 
Яны збіраюцца ў Ляхавіцкім раёне ўжо гадоў дзесяць, і кожную сустрэчу ператвараюць у свята з песнямі, конкурсамі, танцамі і, вядома ж, шчырымі размовамі і ўспамінамі. 
– Прозвішча – не проста знак прыналежнасці да роду, гэта яшчэ злучальная нітачка з продкамі. Заўсёды цікава даследаваць свой радавод, зразумець і аднавіць гісторыю сям’і, –гаворыць жыхар аграгарадка Конькі Мікалай Піліпчык, таксама з гэтага роду і які ў гэтым годзе арганізоўваў свята.
Летапіс роду пачаў збіраць Мацвей Канстанцінавіч Рымша, які калісьці працаваў на ФАПе вёскі Мінічы, захапляўся гісторыяй, пчалярствам, 
наогул, быў адукаваным і рознабаковым чалавекам. 
Год за годам па крупінках дабаўляў новыя факты: штосьці даведваўся з дакументаў, якія знаходзіліся ў куфрах продкаў, з расказаў і фатаграфій, кніг. Але скончыць пачатае не паспеў – пайшоў з жыцця. Справу працягнуў сын Васіль. Менавіта ён па чарнавіках бацькі склаў радавое дрэва, якое спачатку ўмясцілася на адным ватмане, і сабраў сям’ю на першы «з’езд», што адбыўся ў вёсцы Крывошын.
– Вельмі хацелася аб’яднаць усіх сваякоў разам. На жаль, у пагоні за чымсьці матэрыяльным мы часта забываемся пра сапраўды важныя рэчы – сям’ю, продкаў, памяць пра іх. Шукаў адрасы, сазвоньваўся, запрашаў. У выніку першы раз завіталі паўсотні чалавек, а з кожным годам з’язджалася ўсё больш. Сямейнае дрэва з таго часу раскінулася на чатырох ватманах і працягвае прырастаць галінамі, – расказвае Васіль Рымша.
Сваю гісторыю яны шануюць і захоўваюць. У сям’і дакладна ведаюць імёны адных з першых продкаў з прозвішчам Рымша – Казіміра Рымшы і яго жонкі Настусі Чабак. Прыгадваюць, што прозвішча паходзіць ад старажытналітоўскіх ці старажытналатышскіх мянушак. 
Дарэчы, галінкі гэтага радавода сёння ёсць у Расіі, Эстоніі, ЗША, Вялікабрытаніі.
Калі ўсе сабраліся, за сталамі сядзелі вельмі шчыльна. Гэта і добра – значыць, сям’я расце, усіх любяць і памятаюць, ёсць у каго папрасіць дапамогі і атрымаць падтрымку.
Хорам праспявалі гімн роду, словы да якога сачыніла прадстаўніца адной з «галін» паэтка Галіна Жывіца і паклала іх на музыку паланэза Міхаіла Агінскага.
– Мы ганарымся сваім родам і жадаем, каб і іншыя сем’і часцей збіраліся разам, ведалі сваю гісторыю, – пажадала Галіна Жывіца.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.