Добрая вытрымка. Ільнаводам Ляхавіччыны не да выхадных

Машыністы ачосвальнага камбайна Віктар Сауцін і Віктар Казачэнка, вадзіцель аўтамабіля Васілій Скарадзіла.

Як і ў большасці працаўнікоў сельскагаспадарчай нівы, нядзелі ў ільнаводаў не здаралася ўжо дастаткова даўно. Не да выхадных, калі ўборка даўгунцу выйшла на пік актыўнасці.

28 ліпеня, напрыклад, давялося назіраць перамяшчэнне магутнага каравана ўборачнай і дапаможнай тэхнікі ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Было а восьмай гадзіне раніцы, а прэс-падборшчыкі рушылі ў так званую заасфальтную зону. У тым баку – вёскі Набярэжная, Мінічы, Ганцавічы і далей – размешчаны асноўны льняны клін: каля паўтары тысячы з 2,2 тысячы гектараў у цэлым. Праз непрацяглы час загружаныя зацюкаванай ільнотрастой прычэпы-платформы трымалі курс на базу. Чаўночны рух працягваўся да позняга вечара, а сыравінны склад папоўніўся дзясяткамі тон трасты ўраджаю-2019. Пад заводскімі шохамі яе ўжо сабралася каля 800 тон, з якіх больш за 700 – уласнай вытворчасці.
Завяршальны – уборачны – этап вытворчасці льнотрасты працяглы па часе, працаёмкі, шматаперацыйны. Ад цераблення да прасавання, з наступнай пагрузкай на транспарт і адвозкай праходзіць не адзін дзень, задзейнічана спецтэхніка.
На полі плошчай за 170 гектараў знайшлася работа для больш як 20 машын і льноагрэгатаў. На адным з участкаў размяшчаліся ўжо сфармаваныя прэсам, гатовыя да пагрузкі цюкі трасты. Поруч працягвалі працаваць прэс-падборшчыкі, далей – церабілкі, ачосвальнік, іншае. На ўскрайку –  мабільная рамонтна-механічная майстэрня на выпадак, калі нейкі з агрэгатаў выйдзе са строю.
– Поле гарыстае, таму і розныя фазы спеласці льну, – тлумачыць вядучы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч. – На высокіх месцах уборачная гатоўнасць наступіла раней – гэта прыкладна 80 гектараў, на нізінныя ўчасткі прыйшлося вярнуцца пазней. За гэты час лён з першых выцерабленых гектараў ужо атрымаў неабходную – добрую – вытрымку, убіраецца.
У адрозненне ад папярэдніх гадоў, сёлета льнаводы не крыўдзяцца на надвор’е. Наадварот, кажуць пра яго спрыяльнасць. А вось пра лічбы ўраджайнасці тут гавораць асцярожна: не тая траста што ў полі, а што пад шохай.
Іван КАВАЛЕНКА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ