Памяць не прымае адлегласці
Ні імёнаў, ні дакладных адрасоў яны не ведалі. Толькі тое, што ў Ляхавічах падчас Вялікай Айчыннай вайны была расстраляна іх сям’я. Таму Хенан Гельфанд і яго пляменнік Рані з Ізраіля палічылі сваім абавязкам прыехаць на гэту зямлю, прайсціся па вуліцах, дзе жылі іх продкі. Моўны бар’ер – не перашкода.
Гісторыя сям’і Гельфанд пачынаецца з 1891 года. Тут, у Ляхавічах, нарадзіўся Меір – бацька Рані. У 1915 годзе разам з братам ён пераехаў жыць у Ізраіль. Астатнія члены сямейства засталіся ў Ляхавічах.
Экскурс у гісторыю, у часы, калі ў райцэнтры дзейнічалі чатыры сінагогі і жылі больш за 3500 яўрэяў, правёў інструктар-метадыст Ляхавіцкага ФСК Уладзімір Погас.
На турыстычным маршруце былі помнікі на месцах пахавання забітых фашыстамі яўрэяў. Вуліца Савецкая (па якой, мяркуецца, іх вялі на расстрэл), тэрыторыя кансервавага завода, дзе калісьці размяшчалася сінагога. Гасцей цікавіла літаральна ўсё: не толькі падзеі часоў Вялікай Айчыннай, а і сённяшні горад і яго гасцінныя людзі – так яны гаварылі пра ляхавічан напрыканцы сустрэчы.
Маргарыта КУХТА.