Рыцары неба і нівы. На «Подыум «ЛВ» запрашаюцца Ігар і Аляксандр Васілевічы
У кабіне «Ліды» два маладыя камбайнеры ў цяльняшках у блакітных берэтах. За акном на ветрыку развяваецца ў тых жа колерах сцяг… Такую карціну можна было назіраць учора на жніўным полі ААТ «Жарабковічы». Менавіта так адзначылі Дзень дэсантнікаў нашы землякі Ігар і Аляксандр Васілевічы. Браты служылі ў падраздзяленнях элітных войскаў Узброеных Сіл Беларусі. Сёння яны – героі веснікаўскага «Подыума».
Ганаруся, што прайшоў школу мужнасці ў знакамітай 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, якая дыслацыруецца ў Брэсце, – гаворыць старэйшы 25-гадовы Ігар. Малодшы Аляксандр, якому 14 жніўня споўніцца 22, дадае:
– Брат шмат расказваў пра службу, пра дэсантнікаў. І я марыў апрануць гэту форму. Спраўдзілася! Быў неверагодна шчаслівым, калі трапіў у тую ж брыгаду, дзе служыў Ігар. Летась дэмабілізаваўся – і дадому.
Радавыя запасу Васілевічы з настальгіяй успамінаюць салдацкае жыццё. І ў адзін голас сцвярджаюць: кожны мужчына павінен адслужыць. Абараняць Айчыну – святы абавязак. Так рабілі іх прадзеды, дзяды, бацька Алег Іванавіч, яны самі.
Берэт і цяльняшка для Васілевічаў не проста атрыбут былой службы, а сімвал армейскага сяброўства, вернасці прысязе, адданасці справе, якую робяць. Гэтыя якасці сталі вызначальнымі для іх і ў паўсядзённым, цывільным, жыцці.
Дарэчы, у «Жарабковічах», акрамя Васілевічаў, свая дэсантная гісторыя ў Юрыя Прышчэпы, Сяргея Бурака, Яўгенія Тарабаша, Анатолія Пранчака.
Маладзёжны, ён жа сямейны экіпаж Васілевічаў, на сёлетнім жніве адзіны ў сваім родзе. І разам з тым вельмі гарманічны камбайнерскім таварыстве.
– Малайцы, хлопцы, стараюцца! Надзейныя работнікі, – дырэктар ААТ Антон Булаты іх працай задаволены.
Смак жніўнай перамогі для Ігара Васілевіча знаёмы: два гады назад малады камбайнер заняў другое месца ў абласным спаборніцтве. А вось Саша ў хлебаробскай справе навічок: у камбайнера часова перакваліфікаваўся з манцёра Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі.
Уборачная вахта ў «Жарабковічах» пачынаецца ў 8 раніцы і завяршаецца пасля 22 гадзін. І тады ў кожнага з Васілевічаў свой расклад. Старэйшы спяшаецца дамоў (добраўпарадкаваны дом для сям’і выдзеліла ААТ «Жарабковічы»), дзе яго чакаюць жонка Таццяна і чатырохгадовы сын Арсеній.
Малодшы на дзясятак хвілін забяжыць да бацькоў, з якімі жыве разам, і з сябрамі культурна адпачываць – маладосць!
Што датычыць «подыумнага» выхаду, то нашы сённяшнія героі адступілі ад стэрэатыпа рубрыкі: для іх самы парадны «прыкід» – армейскі, тым больш з нагоды самага дэсантнага ў годзе дня.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.