Правільная арыентацыя. Пайсці ў лес і не заблукаць

Так званае ціхае паляванне – даволі распаўсюджанае хобі нашых землякоў. Для збору ягад і грыбоў многія выязджаюць у лес сем’ямі, разам з дзецьмі. А такой кампаніі патрабуецца асаблівая і пастаянная ўвага: захапіўшыся, хлопчыкі і дзяўчынкі могуць адстаць ад дарослых і згубіцца. Небяспечна адпраўляцца ў лес у хваравітым стане, у групе рызыкі таксама пажылыя людзі. Як паказвае практыка, заблукаць могуць нават тыя, хто добра ведае гэтыя мясціны.
Па сёння міліцыя не адшукала траіх жыхароў Ляхавіцкага раёна, якія пайшлі па грыбы-ягады: свяцічанак Агрыпіну Буйкевіч 1932 г.н. (у вышуку з лістапада 2003 года) і Валянціну Раеўскую 1944 г.н. (прапала ў ліпені 2012 года), Вячаслава Сліву 1932 г.н. з Пад’язаўля (пайшоў з дому ў жніўні 2006 года).

У ТЭМУ

Жанчыну з трыма дзецьмі, якія заблукалі ў лесе, шукалі ў мінулую суботу пад Драгічынам. Высветлілася, што яны паехалі на аўтамабілі ў ягады каля 11.00 і да 17.00 іх месцазнаходжанне было невядомым, тэлефонная сувязь адсутнічала. У Драгічынскі РАНС за дапамогай звярнулася сваячка прапаўшых. РАНС, РАУС, лясгас і мясцовыя жыхары арганізавалі пошукі. У 18.04 жанчыну разам з дзецьмі знайшлі.
Любому, хто адпраўляецца ў лес, трэба ведаць, як не згубіцца і што рабіць, калі ўсё ж трапіў у такую сітуацыю.
Адно з галоўных правілаў для тых, хто плануе збіраць лясныя дары ў адзі-ноце, – абавязкова паведаміць пра гэта і хаця б пра прыкладнае месца збору родным, суседзям ці сябрам.
Грыбнікам і ягаднікам трэба ўзяць з сабой сотавы тэлефон (папярэдне варта яго поўнасцю зарадзіць і папоўніць баланс). У глушы, дзе не цягне сотавая сувязь, можа вельмі выручыць звычайны свісток. Запас ежы і вады, неабходныя лекі (у тым ліку бінт з ёдам), нож, запалкі (іх лепш трымаць у пакеце, каб не прамоклі) – такі набор рэкамендуецца мець пры сабе. Істотна ўскладняе пошук, тых, хто згубіўся, прапаўшых камуфляжнае і цёмнае адзенне, таму варта апрануць у лес што-небудзь яркае.
На падыходзе да лесу і ў ім не пашкодзіць звяртаць увагу на арыенціры: дарогу, чыгунку, квартальныя слупы і г.д.
Калі заблудзілі, галоўнае – не панікаваць, пастарацца вярнуцца на тое месца, дзе разышліся з таварышамі. Шукайце сцяжыну, прасеку, лінію электраперадач, трымайцеся гэтых арыенціраў. Калі ёсць магчымасць, патэлефануйце таму, хто добра ведае мясцовасць. Калі ж бачыце, што самі не можаце выйсці з лесу, – набірайце нумар міліцыі 102 ці выратавальнікаў 112 – пошукі пачнуцца без прамаруджвання.
У выпадку, калі блізкі чалавек не вярнуўся з лесу ў агавораны час, лепш таксама звярнуцца ў міліцыю, а не спа-дзявацца на ўласныя сілы. Пераначаваць у лесе, асабліва для пажылых і хворых людзей, – сур’ёзнае выпрабаванне. У такой сітуацыі дарагая кожная хвіліна.
Ну і, канешне, калі раптам знайшлі прадметы ці рэчы, што сведчаць пра прапажу іх гаспадароў (вядро, веласіпед, адзенне ці абутак), пра гэта таксама трэба неадкладна паведаміць па тэлефоне 102.
Дзмітрый ПРЫХАЧ,
старшы оперупаўнаважаны
групы вышуковай работы РАУС
.