Па шчыражніўным сумленні. Кіраўніцкі талент як складнік ураджайнасці

Больш трэцяй часткі раённага намалоту (каля 19 тысяч тон), самая вялікая ўборачная плошча (3089 гектараў), самая высокая ўраджайнасць (62,3 цэнтнера з гектара) – гэта ААТ “Жарабковічы” на жніве. Тут класны хлебаробскі атрад і такія ж класныя хлебаробскія традыцыі, што ілюструецца, падкрэсліваецца, даказваецца “максі-фактамі” ўборачнай. Згадзіцеся, у даным выпадку лічбы гавораць не менш выразна, чым словы.
Жніво не стамляецца называць прозвішчы перадавых хлебаробаў таварыства. На слыху камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў, начальнікі ўчасткаў, брыгадзіры, аграномы. І гэта аб’ектыўна, справядліва, заслужана – яны на перадавой, у цэнтры дзеі і падзеі, героі дня, шчырыя рупліўцы, якія кошт хлеба ведаюць не па цэнніках у магазінах і булачных, а па поўнай праграме “цэнаўтварэння”. Па праграме, у якой задзейнічаны сонечныя промні і шчодрыя дажджы, рукі, што не ведаюць стомы, і сэрцы, што чуюць голас зямлі, навуковыя распрацоўкі і практычныя высновы, тэхналагічны расклад і спрадвечная сялянская існасць.
У такой – жніўнай – сітуацыі пра кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў узгадваем не часта. Думаю, гэту недарэчнасць трэба паправіць, таму што гаспадарка слаўная тады, калі гаспадар дбайны. Наконт супрацьлеглага выпадку народ мудра заўважыў : не пытайцеся, які гаспадар, калі вароты падаюць, а колы рыпяць. Дык вось, у “Жарабковічах” колы на хаду і нічога там не рыпіць. А дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Антон Булаты вызначае і настрой, і падыход асабісты і калектыва да справы вельмі лаканічна:
–У нас усё – па сумленні.

Не будзем засяроджваць увагу на тым, наколькі ў гэты час у кіраўніка ненарміраванасць перавышае штатную працягласць рабочага дня. Не станем гаварыць пра “галаўны боль” – надвор’е, ад якога, на жаль, вельмі многае залежыць на хлебнай ніве. Не варта ўзгадваць пра тое, што дырэктар павінен быць і капітанам, і дырыжорам, прычым выдатным, каб атрымліваўся чаканы вынік.
Геаграфія і біяграфія “Жарабковіч” у станоўчай дынаміцы. Сёлета таварыства прырасло тальмінавіцкім адрасам, што азначае новы маштаб дзейнасці, дадатковыя задачы з новымі ўмовамі.
–Для гэтага года ўраджай у нас прыстойны. Але прызнаюся, разлічвалі на большае. Парадавала азімая пшаніца на ўчастку № 1 у Зарытаве, дзе начальнікам Аляксей Навалачка, – за 80 цэнтнераў з гектара. Плануем павялічыць плошчы пад гэту культуру, – расказвае Антон Тадэвушавіч. Раскрывае і “сакрэтныя тэхналогіі” ураджайнага максімума: агранамічная дакладнасць, надзейны калектыў і славутае “па сумленні”. Рэспект дырэктару Булатаму!

Рэспект і старшыні СВК “Ляхавіцкі” Івану Вітко, пад кіраўніцтвам якога сельгаскааператыў і ў сёлетнім жніве на лідзіруючых пазіцыях. Узорнасць гэтай гаспадаркі прывяла яе, вобразна кажучы, да зорнасці: тут і надоі, і прывагі, і кармавыя адзінкі, і цэнтнеры з гектара просяцца ў падручнікі і практыкумы па жывёлагадоўлі і агранаміі.
Жніво ў “Ляхавіцкім” – гэта хуткасць і якасць, аператыўнасць і бездакорнасць, гэта еднасць думак, памкненняў і намаганняў, гэта выніковасць. Так усталявалася пры старшынстве Аляксандра Вітко, так працягваецца і пры яго пераемніку Іване Вітко. А сёлетнія без малога 45,6 цэнтнера збожжавых з гектара, ды ў пераразліку на бала-гектар, лепш любых слоў прапагандуюць практычную школу СВК. Можа нават і не школу – універсітэт. Мяркую, гэта не перабольшанне.

Як не перабольшанне і сцвярджэнне, што жніўныя клопаты не дапускаюць другарадных падыходаў. Запытайце ў намесніка дырэктара ЗАТ “Белпрампрыбор” Андрэя Вараб’ёва пра ўборачныя прыярытэты і пачуеце, як важна арганізаваць работу ў комплексе. У кожнага – у механізатараў, вадзіцеляў, аператараў зернесушылак – свае задачы. І агульная мэта: хлеб трэба ўбраць хутка і без страт. Улічаны рацыянальнасць расстаноўкі сіл, адказнасць і надзейнасць так званага суб’ектыўнага фактара і тэхнікі: усё і ўсе працуюць на жніво. Па два камбайны, грузавыя аўтамабілі, зернесушыльныя комплексы непасрэдна займаюцца хлебаўборкай, а ім у дапамогу тое і тыя, што і хто на службе ўраджаю.
“Белпрампрыбор” плюсуе па ўраджайнасці сёлета ў параўнанні з леташнім вынікам не проста на 14 цэнтнераў з гектара, а больш як на 55 працэнтаў. Ягоныя 38,6 цэнтнераў на круг дарагога вартыя.

…У Сямёнавіча на жніўных палетках усё ў парадку. Гэта сцвярджэнне калегі – пра дырэктара ДП “Нача” Мікалая Тарлюка. З яго даўно атрымаўся вопытны кіраўнік сельгаспрадпрыемства, чыя мэтанакіраванасць і кампетэнтнасць ствараюць аўтарытэт і павагу, а дружалюбнасць выклікае захапленне ўсіх, хто ведае, хто кантактуе з ім. На пытанне пра перадавікоў жніва Мікалай Сямёнавіч называе мноства прозвішчаў. Падалося, што ў гэтым спісе ўсе ўдзельнікі ўборачнай. І ў адрас кожнага ў дырэктара знаходзяцца добрыя словы.
Ураджайнасць збожжавых у “Начы” не рэкордная, аднак вышэй сярэднеабласной — 38,3 цэнтнера на круг. Найбольш парадавала азімая пшаніца, сярэдняя ўраджайнасць якой тут каля 43 цэнтнераў з гектара.
Адначасова са жнівом начаўцы выконваюць дзяржаўны заказ па збожжы. Тарлюк гэту адказную задачу мае намер вырашыць у бліжэйшы час.
…Аўтарытэт кіраўніка вымяраецца не дэцыбэламі камандзірскага голасу, а тым, наколькі пераканаўча гэты голас гучыць, куды ён кліча, што дэкларуе. Але найбольш пра вартасць кіраўніка расказваюць самадастатковасць, надзейнасць, свядомасць калектыву і выніковасць працы. У дачыненні аграрыяў выдатным тэстам на прафпрыгоднасць было і застаецца жніўнае поле. Яно не даруе няўвагі, нелюбві, няклопатаў. І спаўна аддзячвае, калі ўсё гэта — без прыстаўкі «не».
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.