Першакласная гатоўнасць.У Ляхавіцкім раёне пачалася прыёмка школ да новага навучальнага года/абноўлена/

Пакуль бацькі збіраюць сваіх дзяцей да 1 верасня, у навучальных установах кіпіць работа. Адна з асноўных задач, што стаіць перад дзіцячымі садамі, школамі, пазашкольнымі ўстановамі, – падрыхтавацца да пачатку новага навучальнага года і стварыць усе ўмовы для вучобы і творчасці хлопчыкаў і дзяўчынак.

«Экзаменуюць» навучальныя ўстановы спецыяльныя камісіі, якія вызначаюць ступень іх гатоўнасці, калі ёсць недахопы – пазначаюць іх, падказваюць шляхі вырашэння. Калі заўвагі і недапрацоўкі адсутнічаюць, установе выдаецца пацвярджальны дакумент – пашпарт гатоўнасці. Сёлета прыёмная кампанія пачалася 13 жніўня.

Як расказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская, у 2019 годзе з раённага бюджэту на падрыхтоўку школ да новага навучальнага года, на капітальны і бягучы рамонт было выдзелена 190 тысяч рублёў, больш за 100 тысяч пайшло на набыццё вучэбнага абсталявання, спартыўнага і кухоннага інвентару.

За сродкі Сусветнага банка зроблены капітальны рамонт харчаблока з поўнай заменай тэхналагічнага абсталявання ў гімназіі. Тут жа адрамантаваны дах і добраўпарадкавана тэрыторыя. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя па капітальным рамонце спартыўнай залы Начаўскай сярэдняй школы, плануецца, што ён будзе праведзены ў 2020 годзе.

Для падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года было выкарыстана і больш за 35 тысяч рублёў пазабюджэтных сродкаў: грошы, заробленыя школамі за здачу металалому і макулатуры, спонсаркая бацькоўская і шэфская дапамогі.

Паэтапна ідзе абнаўленне мэблі. Сёлета закуплены дзіцячыя ложкі для груп падоўжанага дня ў Крывошынскую СШ, у гарадскіх школах будзе часткова заменена мэбля для навучэнцаў пачатковых класаў. Куплена абсталяванне для кабінетаў тэхнічнай і абслугоўвай працы, спортінвентар.

Каб у Дзень ведаў школы чыстымі і ўтульнымі сустрэлі сваіх вучняў ва ўстановах адукацый раёна выкананы бягучы рамонт. Адрамантаваны ўсе спартыўныя залы. Старанная падрыхтоўка дала свой плён – усе ўстановы адукацыі атрымалі пашпарты гатоўнасці.

У гэтым пераканаўся і журналіст «Ляхавіцкага весніка», які разам з камісіяй пабываў у СШ №1,  яслях-садку №1 і цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Першы адрас – СШ № 1. Тут камісія ў складзе прадстаўнікоў аддзела па адукацыі райвыканкама і санслужбы дасканала праверыла кабінеты, сталовую і спартзалу. Грубых парушэнняў не было, толькі некалькі недахопаў, якія выправілі на месцы. Яслі-сад № 1 сустрэў яркімі фарбамі і кветкамі на тэрыторыі. Тут ёсць нават мініперакрыжаванне, на якім малышам можна даступна тлумачыць правілы пераходу праезнай часткі.  Што тычыцца ЦКРНіР, то ва ўстановы таксама ўсё ў парадку: класы поўнасцю гатовы да работы.

Да Дня ведаў засталося зусім нямнога часу. І вельмі прыемна, што ўсе ўстановы адукацыі своечасова адкрыюць свае дзверы для маленькіх чамучак.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.