«Хвораму» аўто не месца на дарозе. Сумесны рэйд АДАІ і «Ляхавіцкага весніка» датычыў праходжання транспартнымі сродкамі тэхагляду /абноўлена/
У мінулую сераду дождж зарадзіў зранку. Але ён не перашкодзіў чарговаму сумеснаму рэйду АДАІ і «Ляхавіцкага весніка». Тэма актуальная – праходжанне транспартнымі сродкамі тэхагляду, тым больш, што з 7 па 17 жніўня дзяржаўтаінспекцыя праводзіць аднайменную прафілактычную акцыю.
На дзяжурства заступілі ў другой палове дня на 25-м кіламетры аўтадарогі Баранавічы – Ляхавічы. Старшы дзяржаўтаінспектар Аляксандр Анікевіч спыняе серабрыстую «таёту». Некалькі хвілін на праверку дакументаў. Усё ў поўным парадку – і вадзіцельскае пасведчанне, і адзнака пра праходжанне тэхагляду з тэрмінам дзеяння да 2020 года.
– У абавязковым парадку правяраем у вадзіцеляў наяўнасць допуску іх транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Своечасова прой-дзены тэхагляд – важны складнік бяспекі на дарозе. Літаральна кожны дзень выяўляем 5-7 аўтамабілістаў, якія выязджаюць без дакументаў аб праходжанні аўтамабілем тэх-агляду. З пачатку дэкады такіх парушальнікаў ужо 28, за першае паўгоддзе – 283. Адны тлумачаць –
гэта забыўчывасць, у некаторых апраўданне «чаму я павінен праходзіць, а мой сусед не», – гаворыць Аляксандр Анікевіч.
У гэтым годзе з-за тэхнічных няспраўнасцяў транспартных сродкаў у краіне здарылася восем аварый, у якіх тры чалавекі загінулі і 27 былі траўмаваны. У нашым раёне сёлета такіх ДТЗ не зарэгістравана, у адрозненне ад мінулага года, калі на аўтадарозе Крычаў-Слуцк-Івацэвічы перакуліўся аўтамабіль і пасажыр атрымаў цялесныя пашкоджанні. Здарэнне адбылося з-за тэхнічнай няспраўнасці аўто.
А на дарозе – чарговая легкавушка. За рулём жоўтага «фальксвагена» маладая жанчына, жыхарка Ганцавічаў. Дакументы адсутнічаюць, вадзіцель апраўдваецца: спяшаецца ў Баранавічы ў бальніцу, дакументы пакінула ў другой сумцы. Аляксандр Анікевіч па базе даных правярае: вадзіцельскае пасведчанне выдадзена, тэхагляд пройдзены. На першы раз вадзіцель папярэджана. Дарэчы, за такое парушэнне можа быць накладзены штраф у памеры ад адной да трох базавых велічынь. Калі ж сітуацыя паўторыцца, то штрафу, праўда ўжо ад двух да пяці БВ, не пазбегнуць.
– Абавязкова праходзім тэхагляд, лепш падстрахавацца, чым потым з-за няспраўнасці аўто трапіць у аварыю, – запэўнівае вадзіцель.
У выпадку, калі аўтамабіль належыць прадпрыемству ці арганізацыі, пры непраходжанні тэхагляду адказная службовая асоба панясе адміністрацыйную адказнасць – штраф ад чатырох БВ. А тэх-агляд усё ж давядзецца прайсці і не дапускаць аўтамабіль, што «праштрафіўся», на дарогу.
– Тэхагляд – працэдура нескладаная: усяго паўгадзіны – і можна з чыстым сумленнем спакойна выязджаць у дарогу. Калі ёсць праблемы, то дыягностыка іх пакажа. Паўторны тэхагляд на працягу дня бясплатны, за наступны давядзецца заплаціць. Але гэтыя сумы нішто ў параўнанні з дарожнай трагедыяй, – гаворыць начальнік УП «Белтэхагляд» Сцяпан Цітко, які далучыўся да рэйда.
У поле зроку трапляе малакавоз СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Вадзіцель прад’яўляе дакументы, тэхагляд транспартнага сродку сапраўдны да жніўня 2019 года.
– Да канца месяца на такім транспартным сродку можна ездзіць. А вось у верасні неабходна мець новае пасведчанне, – тлумачыць Аляксандр Анікевіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.