Размініравана: снарадаў больш няма. 13 жніўня ў вёсцы Задвор’е Ляхавіцкага раёна быў знойдзены артылерыйскі снарад
На небяспечны прадмет натыкнуліся сувязісты. Брыгада Ляхавіцкага ўчастка Баранавіцкага занальнага вузла электрычнай сувязі пракладвала тэлефонны кабель да домаўладання аднаго з абанентаў. Падчас земляных работ і абнаружыўся небяспечны ржавы “сюрпрыз”. Як расказаў начальнік участка Анатолій Лукашэвіч, усе работы тэрмінова былі спынены, сувязісты звязаліся з РАУС і паведамілі пра нечаканую знаходку. На такі выпадак ў праваахоўнікаў свае схемы дзеянняў.
Што было далей, “Ляхавіцкаму весніку” расказаў удзельнік аперацыі па абясшкоджванні знойдзенага боепрыпаса камандзір сапёрна-піратэхнічнай групы, размешчанай у Баранавічах вайскавой часці 7404 унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь Алег Аршынаў:
– Паведамленне аб абнаружэнні выбухованебяспечнага прадмета, яго каардынатах паступіла ў 16.02. Група размініравання выехала на месца. Высветлілася, што ржавы прадмет з’яўляецца артылерыйскім снарадам часоў Вялікай Айчыннай вайны, калібр якога 152 міліметры. З выкананнем усіх прадугледжаных на такі выпадак рэгламентаў, снарад быў пагружаны на спецыяльны аўтамабіль, вывезены ў небяспечнае месца і знішчаны.
Месца знаходкі з’яўляецца дастаткова ажыўленым: паўтара-два дзясяткі метраў ад скрыжавання дарогі з Ляхавіч у бок Альхоўцаў і дарогі ў накірунку вёскі Набярэжная. Непадалёку задворскі “Родны кут”, жылыя пабудовы.
З дапамогай спецыяльнага абсталяваня сапёры даследавалі прылеглую да месца знаходкі тэрыторыю. Вынесены вердыкт: размініравана, снарадаў, іншых выбухованебяспечных прадметаў больш няма.
Іван КАВАЛЕНКА.