Дамашні вернісаж на Каштанавай. У мнагадзетнай сям’і ляхавічан Ярашаў ёсць свае «фірменныя» традыцыі і звычаі

Сямейны почырк

У гэтай сям’і адметны почырк і крэатыўна-творчы падыход да рэчаў і спраў. З душой складаюць букет, у які, акрамя кветак, дадаюць жоўта-чырвонае лісце і ягады рабіны. Замест магазінных заколак –эксклюзіўныя, зробленыя ўласнаручна. Сукенкі-кофты ў адзінкавым экзэмпляры – мама адмысловая рукадзельніца. І тата тут – самы-самы. Гэта пра мнагадзетную сям’ю ляхавічан Алега і Алены Яраш. Аснова іх шчасця – дочкі Анастасія, Варвара, Валерыя і сын Максім.
Пра сябе гавораць, што нічым ад іншых не адрозніваюцца, звычайная сярэднестатыстычная сям’я. А сябры і знаёмыя Ярашаў лічаць, што такіх бацькоў – пашукаць.
– Дзеці – гэта радасць, – сцвярджае Алена. – Яны натхняюць, напаўняюць жыццё сэнсам. За іх шчырыя ўсмешкі можна зрушыць горы.
Кожнае дзіця сваім нараджэннем акрыляла і прымнажала мацярынскі талент. З Насцяй вышывала-вязала спіцамі, з Варварай і Валерыяй асвоіла вязанне кручком, а са з’яўленнем Максіма хобі стала неад’емнай часткай жыцця. Прычым, як адзначае мнагадзетная мама, чацвёра дзяцей зусім не перашкода для заняткаў любімай справай.
Алена шые для сваіх рабят курткі, камізэлькі і многае іншае. У кожную рэч укладзена душа. Таму і дзеці ставяцца да маміных абновак беражліва.
У сям’і выхоўваюць уласным прыкладам. Робяць бацькі – дапамагаюць дзеці, прычым з жаданнем. Дзяўчынкі вучацца быць гаспадынямі. Пірагі, піца, пячэнне ў дзяўчынак атрымліваюцца выдатна. Мама не робіць праблемы, калі нешта пойдзе не так, важна давяраць, накіроўваць. Не атрымалася першы раз – на другі ўсё будзе добра.
Тата – сапраўдны гаспадар з залатымі рукамі. Паспеў выканаць мужчынскую праграму: пабудаваў дом, шчаслівы, што мае сына і трох дачок. І хоць жаночая палова сям’і з пяшчотай клапоціцца пра маленькага Максіма, хлопчык усё ж з усіх родных асабліва выдзяляе бацьку – ходзіць за ім па пятах. Не міне гараж, калі тата там што-небудзь робіць. Нават батут і цацкі тады становяцца нецікавымі.


Развіццё праз творчасць


13-гадовая Насця захапляецца жывапісам: займаецца ў Ляхавіцкай школе мастацтваў. Свой настрой перадае фарбамі і пераносіць выявы прыгожых мясцін у альбом. За старэйшай сястрой цягнуцца двайняшкі Валерыя і Варвара – таксама цікавяцца маляваннем. Бацькі беражліва збіраюць работы дзяўчынак, арганізоўваюць дамашні вернісаж.
Зараз 8-гадовыя сёстры асвойваюць танцавальныя па і дома ладзяць міні-канцэрты. Дзяўчынкам разам утульна і цікава. Яны не проста сёстры – сяброўкі, адна без адной не могуць. Іх нараджэнне (15 кастрычніка) дало сям’і статус мнагадзетнай і практычна супала з Днём маці – атрымалася двайное свята. А яшчэ менавіта ў гэты дзень у 2005 годзе нарадзілася сям’я Ярашаў.
З дзецьмі трэба гаварыць, слухаць і чуць іх – перакананы Алег і Алена.
У вялікім двухпавярховым доме ўсё на сваіх месцах. З першага погляду і не скажаш, што тут чацвёра дзяцей – ідэальны парадак. Мама ўсё стараецца рабіць разам з імі. На агародзе таксама відавочна спраўная рука гаспадароў. Тут і роўныя, бы пад лінейку, градкі з памідорамі-агуркамі, і рознакаляроўе кветак, і ўраджайны сад.
Дэкрэтны водпуск Алена лічыць магчымасцю не толькі больш часу аддаваць сваім блізкім, але і развівацца самой. Чытае, цікавіцца вопытам выхаванняў іншых мамачак, шукае смачныя рэцэпты страў і г.д. На дзень нараджэння рабят абавязкова пячэ торт, прыдумвае конкурсы – каб свята засталося ў памяці.
Інтарэсы ў сям’і рознабаковыя, але ўсе сыходзяцца на дзецях. Разам падарожнічаюць па Беларусі і за яе межамі, наведваюць святы і забаўляльныя мерапрыемствы.

Разам упэўнена


З нараджэннем Максіма атрымалі дзяржаўную дапамогу – сямейны капітал. На што выкарыстаць, пакуль не задумваліся, але не сумняваюцца, што для дзяцей гэта будзе добрай падтрымкай.
Клопат дзяржавы заўсёды прыемны. Сацыяльная, жыллёвая, падатковая і іншая падтрымка надаюць упэўненасці. Карыстаюцца мнагадзетнымі льготамі і Ярашы: бясплатныя заняткі ў школе мастацтваў, частковая аплата за карыстанне школьнымі падручнікамі, іншыя істотна адчуваюцца ў эканоміі сямейнага бюджэту.
Пра што мараць бацькі? Канешне, каб былі здаровыя і шчаслівыя дзеці.
…Падвячорак. У доме на вуліцы Каштанавай у Ляхавічах збіраюцца за вялікім сталом – шматлюдна. Тата заварвае чай, мама раскладвае пачастункі, Максім нясе сурвэткі, дзяўчынкі расстаўляюць кубкі. Сям’я разам.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

ФАКТ

У Ляхавіцкім раёне 396 сем’яў са статусам мнагадзетных, у іх выхоўваецца 1311 дзяцей. Усё часцей у сем’ях нашых землякоў нараджаюцца чацвёртае, пятае, шостае і нават сёмае дзіця. З 2015 года на Ляхавіччыне сямейны капітал назначаны 266 сем’ям, з пачатку гэтага года – 34. Сёлета ўжо выдадзена 28 пасведчанняў мнагадзетнай сям’і.