Дойка на двойку. За студзень-чэрвень валавая вытворчасць малака ў раёне склала 27357 тон
Не навіна, што жывёлагадоўля – галоўны актыў, які прыносіць сельгаспрадпрыемствам асноўную фінансавую выручку. Райсельгасхарч падсумаваў паўгадавыя вынікі работы жывёлагадоўчага комплексу. За студзень-чэрвень валавая вытворчасць малака ў раёне склала 27357 тон – недабор 0,7 працэнта да ўзроўню мінулага года. Для выхаду на прагнозныя гадавыя лічбы ў астатнія месяцы давядзецца працаваць значна больш вынікова.
Менш малака…
У ДП «Нача» паўгадавы валавы надой павялічыўся амаль на трэць да ўзроўню таго ж леташняга перыяду. Ростам адзначыліся ЗАТ «Белпрампрыбор», КСУП «Востраў-Агра» і СВК «Ляхавіцкі» – адпаведна на 14,7; 9,6 і 1,9 працэнта. Астатнія гаспадаркі спрацавалі ў мінус, найбольшае «прасяданне» (мінус 10,6 працэнта) дапушчана ў ААТ «Шлях новы» і райаграсэрвісе, які змінусаваў на 11,3 працэнта.
Ва ўсіх выпадках рост дасягнуты за кошт павелічэння колькасці жывёлы, ні ў адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна сярэдні паўгадавы надой на карову не павялічыўся. Фактычна на тым жа, праўда, даволі высокім узроўні – 4309 кілаграмаў – застаўся «Ляхавіцкі». 26 кілаграмаў малака не дадала сярэдняя жарабковіцкая кароўка, 73 – райаграсэрвісаўская, 99 – начаўская і далей па спісе – з павелічэннем. У выпадку з «Жарабко-вічамі» нагадаем аб інтэграцыі ў склад гаспадаркі значна менш прадукцыйных актываў «Тальмінавіч», а ў склад «Начы» ўвайшла зубелевіцкая ферма.
Значнае адставанне ад свайго леташняга паказчыка сярэдняй удойнасці адзначана ў КСУП «Востраў-Агра» – мінус 219 кілаграмаў на карову і сярэдні ўдой 1651 кілаграм як вынік шасці месяцаў. Яшчэ менш прадукцыйнымі на паўгадавым адрэзку з’яўляюцца толькі кароўкі «Ліпнянкі» і райаграсэрвіса – 1487 і 1414 кілаграмаў адпаведна. Пры тым, што ад сярэднераённай каровы нашы жывёлаводы «адмінусавалі» 34 і за паўгоддзе выйшлі на лічбу 2548 кілаграмаў малака.
Практычна ўсё малако «Белпрампрыбора» і «Ляхавіцкага» прадаецца гатункам экстра. Патрабаванням такога ж стандарту адпавядае амаль 93 працэнты начаўскага малака, 81,5 працэнта – райаграсэрвісаўскага (год назад гэты паказчык быў ці не на 47 працэнтаў горшы). У сярэднім па раёне гатункам экстра прадаецца каля 62 працэнтаў прадукцыі малочных фермаў.
…і больш мяса
Што да мясной жывёлагадоўлі, то за 6 месяцаў года аб’ём прадукцыі вырошчвання БРЖ у раёне павялічыўся на 13 працэнтаў да леташняга і дасягнуў 2065 тон. Сярэднясутачныя прывагі БРЖ узраслі на 90 грамаў і складаюць 591 грам на галаву. Абсалютнае лідарства ў намінацыі «прывагі» трымае «Ляхавіцкі» – 766 грамаў, а яўным аўтсайдарам па паўгоддзі з’яўляецца «Ліпнянка» – 341 грам прываг на галаву ў суткі.
Паўгадавыя вынікі работы жывёла-гадоўлі раёна пракаментавала намеснік начальніка райсельгасхарчу Вераніка Макаранка, якая адзначыла, у прыват-насці, што ў цэлым раён спрацаваў нядрэнна па вытворчасці ялавічыны і свініны. Мы атрымалі больш высокія ў параўнанні з 2018 годам прывагі.
Па малаку сітуацыя горшая. Гэта тычыцца як валавай вытворчасці (99,3 працэнта да леташняга ўзроў-ню), так і продажу малака пера-працоўшчыкам (97,8 працэнта).
Дарэчы, у другім квартале года вытворчасць малака павялічылася, і другое паўгоддзе мы пачалі з прыбаўкі. На даны момант яго рэалізацыя складае 108 працэнтаў да ўзроўню мінулага года, а валавая вытвор- часць – 105,3 працэнта. Гаспадаркі працуюць над павелічэннем колькасці і якасці сваёй прадукцыі. Продаж малака першым гатункам складае зараз 8,7 працэнта, што на 10 працэнтаў менш аналагічнай леташняй лічбы. У жывёлаводаў раёна ёсць магчымасць да канца года выйсці, як мінімум, на мінулагодні ўзровень, падкрэсліла Вераніка Макаранка. Жаданне працаваць з’яўляецца першачарговай для таго ўмовай.
Сэрвіс мінус
На адной з апошніх апаратных нарад у старшыні райвыканкама яшчэ раз аналізавалі работу жывёлагадоўчай галіны ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Арганізацыя дастаткова маштабная, аказвае істотны ўплыў на эканоміку падгаліны і раёна ў цэлым.
На пачатак ліпеня статак райагра-сэрвіса фарміравалі 2825 галоў БРЖ – 147 галоў менш, чым годам раней. Кароў – 1116 і мінус 51 да леташняга ўзроўню. Заданне па нарошчванні пагалоўя не выканана ні па першай, ні па другой пазіцыі. Паўгадавы вал склаў 1568 тон малака, што, як адзначалася, адпавядае толькі 88,7 працэнта ад мінулагодніх аб’ёмаў. Невысокай застаецца сярэдняя прадукцыйнасць каровы – 1414 кілаграмаў за паўгода. Напрыклад, на МТК «Падбарочча» за студзень-чэрвень атрымана толькі 1815 кілаграмаў малака на карову – на 106 менш да леташняга ўзроўню. На фоне росту за апошні час колькасці малака, якое рэалізуецца гатункам экстра, больш за 5 працэнтаў надояў адпавядае першаму гатунку. Розніца ў аплаце прадукцыі гэтых катэгорый вельмі значная.
Па даных райсельгасхарчу, асноўная прычына нізкага росту аб’ёмаў вытвор-часці прадукцыі жывёлагадоўлі ў гаспадарцы – адсутнасць кантролю за захаваннем тэхналогіі, незбалансаванасць рацыёну кармлення. Адзначаецца таксама незабяспечанасць арганізацыі кваліфікаванымі зааветспецыялістамі, ёсць куды рухацца ў плане паляпшэння ўмоў утрымання жывёлы.
Што зроблена ў райаграсэрвісе па захаванасці пагалоўя БРЖ, яго ветсандабрабыту, павелічэння вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі? Па інфар-мацыі дырэктара Рамана Раманава, узмоцнены кантроль за ўнутры-гаспадарчым забоем і падзяжом жывёлы. Кожны з такіх выпадкаў разглядаецца асобна. Прыняты меры па ўкамплектаванні ветслужбы таварыства, паляпшэнні тэхналогіі ўтрымання і кармлення жывёлы. За высокі ўзровень захаванасці маладняку прадугледжана дадатковае матэрыяльнае стымуляванне работнікаў.
Згодна пратакола апаратнай нарады, работа жывёлагадоўчай галіны ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» прызнана недастатковай. А работу над памылкамі трэба зрабіць тэрмінова, і за гэта ў адказе дырэктар ААТ. Стаіць пытанне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці галоўнага заатэхніка арганізацыі за незабяспечанасць захавання тэхналагічнага рэгламенту пры вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Пра прынятыя меры кіраўніцтва райаграсэрвіса абавязана дакласці на адной з вераснёўскіх апаратных нарад.
Іван КАВАЛЕНКА.