Праз акно. У багатай рыначнай таварнай прапанове з’явілася і ляхавіцкая жылкамунгасаўская
Перафразіруем гістарычна вядомае «прасячы акно ў Еўропу» ў маючае дачыненне да жылкамунгаса «змайстраваць акно ў камфорт». З чэрвеня вытворчасць ЖКГ папоўнілася новым падраздзяленнем – на базе прадпрыемства запрацаваў цэх па вырабе пластыкавых вокнаў. Для нашага раёна гэта нерастыражаваная справа, можна сказаць, эксклюзіўная. І распачата яна, па сцвярджэнні дырэктара жылкамунгаса Андрэя Чайкоўскага, з добрай перспектывай, што аргументуецца запатрабаванасцю прадукцыі.
У першую чаргу, «для сваіх патрэб», тлумачаць на прадпрыемстве. А гэта азначае, што пры капітальным рамонце будынкаў, якія знаходзяцца на балансе ЖКГ, будуць выкарыстоўвацца вокны ўласнай вытворчасці. Яны ўжо ўстаноўлены на лесвічных пляцоўках у доме № 3 па завулку Южакова ў райцэнтры. Андрэй Чайкоўскі ўдакладніў, што больш сотні пластыкавых вокнаў спатрэбіцца на ляхавіцкі адрас: вуліца Леніна, 62, і што камунгас прэтэндуе на тое, каб «зашкліць» аконныя праёмы ў 40-кватэрнай новабудоўлі на вуліцы Юбілейнай. Да таго ж, гатовы выканаць заяўкі ад насельніцтва.
На вытворчасці працуюць майстар Юрый Плескацэвіч і рабочы Міхаіл Патрубейка (на здымку), якія асвойвалі тэхналогію ў калег з іншых прадпрыемстваў. Магчыма, штат падрасце – усё залежыць ад запатрабаванасці прадукцыі. А для таго, каб яна была канкурэнтназдольнай, тут клапоцяцца пра якасць. Зацікавіць спажыўцоў можна менавіта высокай якасцю прапановы і прымальнай цаной.
Акно «пад ключ» ад жылкамунгаса азначае поўны вытворчы цыкл – ад замераў і афармлення заяўкі да мантажу.
Відавочна, што прадпрыемства шукае шляхі для ўмацавання і развіцця сваёй эканомікі. Аднак нельга не заўважыць і яшчэ адну немалаважную акалічнасць – клопат пра патрэбы насельніцтва, а значыць – пра ягоны камфорт. Расшыфроўваем абрэвіятуру ЖКГ: жыллёва-камунальная гаспадарка. І нічым не горш гучыць іншая транскрыпцыя, дзе замест слова «камунальная» – вызначэнне «камфортная».
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота з архіва «ЛВ».