З жыцця крыжакветных і лёнавых. У Ляхавіцкім раёне ідзе актыўная нарыхтоўка саломы і пасеў рапсу
Уборка каласавых збожжавых завершана. Хлебаробы ў чаканні свайго свята – абласных «Дажынак». Гэта «чаканне» праходзіць у напружаных шматлікіх постзернеўборачных клопатах, адным з якіх з’яўляецца ўпарадкаванне саломы. Па стане на ўчарашні дзень, яна ўбрана амаль што на 80 працэнтах плошчаў. Статыстыка райсельгасхарчу паказвае, што найбольшую гатоўнасць завяршыць гэтыя работы дэманструюць ЗАТ «Белпрампрыбор», СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы», дзе працэнт выканання перавысіў 90. З адставаннем ад лідараў ідзе «Ліпнянка», з нямногім за палову ад неабходных аб’ёмаў работ справіўся «Шлях новы». У цэлым па раёне на больш як 3000 гектараў палёў салома пакуль застаецца незапрасаванай.
Але «саламянае» пытанне па сваёй значнасці, тэрміновасці вырашэння не ідзе ў параўнанне з пасяўным, дзе выхад за рамкі аптымальных тэрмінаў гарантавана азначае недабор будучага ўраджаю. Насенне рапсу трапляе ў азімы палетак адным з самых першых, а пад раённы клін гэтай крыжакветнай культуры запланавана 2900 гектараў. Найбольш – у ААТ «Жарабковічы». І па стане на ўчарашні дзень гаспадарка перавыканала ўжо свае пасяўныя абавязкі ў дачыненні азімага рапсу. Засеяна 1100 гектараў, што больш запланаванага і нашмат больш за свае ж
мінулагоднія плошчы. Для «Жарабковіч» рапс – хлеб у квадраце, улічваючы наяўнасць у гаспадарцы ўласнага перапрацоўчай вытворчасці. Адна выгада «ціснуць» пакупное насенне і істотна іншая – уласнавырашчанае.
«Ляхавіцкі» таксама ўжо адсеяўся на плошчах, якія на 13 працэнтаў пераўзышлі планавыя. Пад рапсам у гаспадарцы знаходзіцца 465-гектарны клін.
Адсеяўся ўжо і райаграсэрвіс: замест 250 «крочылі» дадаткова яшчэ на 10 гектараў. Іншыя дабіраюць свае апошнія пасяўныя гектары. Пры тым, што раён у цэлым ужо выйшаў на прагнозную лічбу.
Тым часам на лёнавых палетках працягваецца другая ўборка. З першай, а пад такой трэба разумець церабленне, і льнозавод, і льнонасенстанцыя справіліся нават не ўчора (першыя на плошчы ў 2200, а другія 300 гектараў). Зараз на палетках працуюць абарочвальнікі трасты, прэсы, вядзецца вывазка рулонаў трасты з поля і іх складаванне. Шохі ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» запоўнены ўжо амаль 5500 тон трасты. І гэта толькі ўраджай уласнага і льнонасенстанцыі палеткаў. Пра якасць нарыхтовак спецыялісту скажа сярэдні нумар нарыхтаванай трасты, які для завода вызначаецца лічбай 1,21, а для станцыі – 1,66.
Іван КАВАЛЕНКА.