Даеш цяпло! Тухавіцкія торфабрыкетчыкі забяспечваюць паліўнымі брыкетамі не толькі беларусаў, але і жыхароў яшчэ васьмі краін свету
Некалі тут былі непраходныя зараснікі хмызняку і амаль што не ступала нага чалавека. А цяпер гудзе тэхніка і пад упэўненым кіраўніцтвам торфараспрацоўшчыкаў малюе свой, прыродны чорны прамавугольнік, па баках якога ўзвышаюцца піраміды – не егіпецкія, а тухавіцкія.
Здабыча торфу – адна з галоўных функцый ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» вось ужо на працягу 46 гадоў. За гэты час мянялася многае: тэхніка, тэхналагічны працэс здабычы сыравіны і выпуску прадукцыі, попыт на яе, рынкі збыту і эканамічная сітуацыя. Але нязменнымі засталіся высокая якасць тухавіцкіх брыкетаў і дружны, зладжаны, правераны часам калектыў, які здолеў, нягледзячы на канкурэнцыю, не толькі ўтрымаць сваю вытворчую нішу, а разам з ёю і рынкі збыту ў Беларусі, і за межамі краіны, але і наладзіць новыя кантакты і стасункі.
Летась дырэктар ТБЗ, патомны торфабрыкетчык Уладзімір Гунько быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года» Брэстчыны (у галіне паліўна-энергетычнага комплексу) і Ляхавіцкага раёна (у намінацыі «прамысловасць, бытавое абслугоўванне, гандаль і паслугі»).
А сёлета – заслужаная ўзна-гарода для ўсяго калектыву: ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» як адно з лепшых прадпрыемстваў занесена на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна. Дарэчы, годам раней Галерэю славы ўпрыгожваў партрэт апаратчыка па сушцы торфу Генадзія Бабарэкі.
– У агульным поспеху ёсць заслуга кожнага з 210 завадчан. Тых, хто рыхтуе палі, здабывае торф, перапрацоўвае сыравіну, адвозіць гатовую прадукцыю пакупнікам, робіць эканамічны расклад і налічвае зарплату, рамантуе, кіруе працэсам на падведамасных участках. Разам мы робім адну справу, у выніку якой зацікаўлены ўсе і кожны, – гаворыць Уладзімір Гунько, які на гэтым прадпрыемстве 37 гадоў і прайшоў шлях ад старшага дыспетчара да кіраўніка.
Сезон здабычы торфу (звычайна доўжыцца з красавіка па канец жніўня) завадчане сёлета завяршылі датэрмінова – яшчэ 7 жніўня. Машыніст торфаўборачнай машыны Анатолій Лапіч выканаў заданне на 207 працэнтаў – зрабіў дзве гадавыя нормы.
– Працую на заводзе дзевяць гадоў. Цяжка? Напэўна. Але, калі ўсё выконваеш па тэхналогіі, атрымліваецца хутка. У нашай справе галоўнае – якасць, – удакладняе Анатолій Лапіч і падымае чарговы пласт чорнай сыравіны.
Адзін з аксакалаў торфаздабычы начальнік вытворчага ўчастка Уладзімір Комса, чый стаж на прадпрыемстве – 42 гады, расказвае: каб атрымаць 1000 тон брыкету, неабходна перапрацаваць 1800 тон торфу.
Генадзій Гутырчык – аўтар тарфяных пірамід вышынёй да васьмі метраў – яшчэ адзін перадавік, па-майстэрску кіруе штабелюючай машынай:
– Калі надвор’е дазваляе, то за дзень можна набудаваць да 12 такіх гор.
Спецыфіку работы машыніст з 15-гадовым стажам ведае ад «а» да «я»: летась выканаў за сезон тры нормы. Нешта падобнае на фантан стварае з дапамогай спецыяльнай тэхнікі машыніст Валерый Цырулік, які зай-маецца прачысткай каналаў.
Вітаецца на заводзе валоданне сумежнымі спецыяльнасцямі. Напрыклад, Вадзім Зубік у сезон нарыхтовак працуе машыністам-фрэзероўшчыкам, у іншы час – вадзіцелем.
На палі здабычы торфу людзей дастаўляюць на цягніку. ТБЗ – уладальнік чыгуначных шляхоў агульнай працягласцю 20 кіламетраў, па іх ездзяць і таварнякі з тарфяным грузам. Дарэчы, адметнасць торфараспрацовак у тым, што тут знаходзіцца самае нізкае месца Ляхавіцкага раёна.
Што тычыцца назапашанай сыравіны, сёлета яе нарыхтавалі 242000 тон на тутэйшых палях і 52000 тон у Каўпеніцы (гэты ўчастак у Баранавіцкім раёне цяпер уваходзіць у склад ТБЗ «Ляхавіцкі») – хопіць да наступнага сезона і яшчэ застанецца. Усяго, па словах дырэктара, за год плануюць выпусціць з канвеера 115000 тон брыкету, 12000 тон сушонкі – фрэзторфу, што прайшоў усе стадыі падрыхтоўкі, за выключэннем брыкетавання.
Запатрабаванасць тухавіцкай прадукцыі тлумачыцца яе стабільнай якасцю, прымальным коштам, надзейнасцю пастаўшчыка. На карысць і тое, што кошт торфу істотна ніжэйшы, чым вуглю ці газу.
І хоць, па словах Уладзіміра Гунько, колькасць індывідуальных домаўладанняў-спажыўцоў брыкету скарачаецца, попыт на тухавіцкую прадукцыю па-ранейшаму адчувальны. Яе закупляюць паліўна-забяспечваючыя арганізацыі, цэментныя заводы, замежныя спажыўцы. Добра ведаюць і «паважаюць» наш брыкет у Швецыі, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Украіне, Германіі, Славакіі. Ужо сёлета экспарт прынёс заводу мільён еўра. У планах – пошук новых замежных партнёраў, тым больш, што назапашанай сыравіны хапае, як і магутнасцей прадпрыемства.
Мадэрнізацыя – няспынны і важны працэс. Завяршаецца абнаўленне бункернай для сыравіны. На парадку дня пусканаладачныя работы па замене газавага катла на той, які будзе працаваць на мясцовых відах паліва (у ход пойдуць і адходы вытворчасці брыкету) – эканамічна выгадна і мэтазгодна.
Наўрад ці калектыў здолеў бы дасягнуць такіх вытворчых вышынь, каб не эфектыўная сацыяльная падтрымка работнікаў. Узяць хаця б той факт, што геаграфія пражывання завадчан – не толькі Тухавічы, але і Ліпск, Востраў, Крывошын, іншыя вёскі. Таму наладзілі арганізаваны падвоз: раніцай на прадпрыемства, пасля змены – па дамах. Створаны належныя ўмовы на вытворчасці, пад асаблівым кантролем пытанні аховы працы, на варце сацыяльных гарантый – калектыўны дагавор. А яшчэ клопат пра маладыя кадры, дастойная заработная плата – усё гэта таксама ТБЗ «Ляхавіцкі».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.