Хлебная каранацыя. У мінулую суботу Брэсцкая вобласць першай сярод рэгіёнаў краіны адзначыла «Дажынкі» – ушанавала герояў жніва

Прывітальны адрас аграрыям Брэстчыны накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі  Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Удзел у Брэсцкіх «Дажынках» прынялі Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці, старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў.

Давыд-Гарадок, Высокае і Ружаны. 31 жніўня гарадскі пасёлак на Пружаншчыне стаў трэцім у шэрагу невялікіх населеных пунктаў Брэстчыны, дзе адбыўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі».
Да сустрэчы дарагіх і асабліва заслужаных гасцей пасёлак падрыхтаваўся. У тым ліку «падняўся» ў плане ўтульнасці, добраўпарадкавання, з’явілася каля дзясятка новых пабудоў. Але адметнасць Ружан, у якіх крыху больш як тры тысячы жыхароў, – гістарычная глыбіня. Яна без цяжкасцяў «чытаецца», у тым ліку, і праз воб-разы і элементы старой архітэктуры. Найперш гэта рэшткі муроў палацавага комплексу роду Сапегаў. У антуражы і праходзіла галоўная абласная сельгасурачыстасць года – «Дажынкі-2019». Як ведаем, калісьці тут каранавалі царскіх асоб, сённяшняя ж «каранацыя» –  у гонар аграрнай эліты Брэстчыны.


«ВІП-месцы» ў імправізаванай глядзельнай зале – лепшым з лепшых хлебаробаў вобласці. Гэта свята ў гонар аграномаў, інжынераў, механізатараў, вадзіцеляў, зернесушыльшчыкаў, іншых, хто прыклаў руку і талент да берасцейскага каравая.
Нягледзячы на складанасці, без якіх рэдка які год абыходзіцца, каравай-2019 атрымаўся дастаткова важкі, у значнай ступені вырас у параўнанні з леташнім.
Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых 35,6 цэнтнера з гектара, што на 6,6 цэнтнера вышэй мінулагодняй, адзначыў у сваім выступленні старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс. Былі агучаны ключавыя, па-сутнасці, лічбы жніва: найбольшы вал зерня сабраны ў Баранавіцкім раёне – 152 тысячы тон, а самую высокую ўраджайнасць паказаў сярэдні ляхавіцкі гектар – больш за 42 цэнтнеры збожжа.
У пераліку культур абласных аграрыяў асабліва парадавала пшаніца – амаль 43 цэнтнеры на круг у сярэднім па вобласці і 49 – у Столінскім і Ляхавіцкім раёнах. Сярод гаспадарак вобласці з сярэдняй ураджайнасцю больш за 60 цэнтнераў збожжа з гектара было названа наша ААТ «Жарабковічы».
– Жніво – гэта заўсёды сур’ёзны экзамен, нават для самых моцных гаспадарак. Але належыць яшчэ многае зрабіць: убраць з палёў бульбу, цукровыя буракі, кармавыя культуры, кукурузу – нарыхтаваць у межах 4 мільёнаў тон кукурузнага сіласу, закласці аснову ўраджаю будучага года – пасеяць 250 тысяч гектараў азімых збожжавых і падрыхтаваць глебу для яравой сяўбы, – адзначыў кіраўнік вобласці і са словамі віншавання ўсім хлебаробам уручыў узнагароды пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых у 2019 годзе. Адным з тых, хто ўдастоіўся ўзнагароды пераможца і асабістых віншаванняў губернатара, стаў вадзіцель ЗАТ «Белпрампрыбор» Аляксандр Мішкевіч. У намінацыі «сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў» ён стаў лепшым.
Падзячным пісьмом аблвыканкама адзначаны старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Аляксандр Камінскі – за добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны вобласці і дасягнутыя вынікі ва ўборачнай кампаніі-2019.
Яшчэ тры аграрыі Ляхавіччыны сталі прызёрамі абласнога хлебаробскага спаборніцтва: другім у спаборніцтве камбайнераў вобласці стаў старшы камбайнер ААТ «Жарабковічы» Сяргей Бурак. Такі самы п’едэстал, але сярод аператараў зернесушыльных установак, дастаўся Анатолію Герасімовічу з СВК «Ляхавіцкі». У гэтай намінацыі, але прыступкай ніжэй размясціўся аператар ЗСК з ААТ «Жарабковічы» Андрэй Свінабурка.
Прыгажосцю, яскравасцю, яркасцю і жанравай разнастайнасцю вызначалася і культурна-забаўляльная праграма Ружанскага аграфэсту, удзел у якой прынялі ляхавіцкія майстры вакалу і дэкаратыўна-выяўленчага мастацтва.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.