Першакласны дэбют. Дзень ведаў даў старт новаму 2019-2020 навучальнаму году

Па ўсёй краіне, у тым ліку ў нашым раёне, гэтую важную падзею
разам з рабятамі і настаўнікамі раздзялілі прадстаўнікі ўлады, шэфы.
У Начаўскай СШ на ўрачыстай лінейцы пабываў старшыня
райвыканкама Аляксандр Камінскі.

Разгубленыя ад павышанай увагі, асцярожныя, бо толькі знаёмяцца са школай, цікаўныя, таму, што яны – дзеці. Менавіта такімі паўсталі перад 65 вучнямі Конькаўскага ДС-СШ два хлопчыкі і дзяўчынка, для якіх 2 верасня 2019 стала першым школьным днём. На лінейцы ў гонар новага навучальнага года начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская ўручыла ім падарунак Прэзідэнта краіны – кнігу «Беларусь – наша Радзіма».
Разам з першакласнікамі галоўныя дзеючыя асобы ўрачыстасцей – шасцёра адзінаццацікласнікаў, для якіх пачаўся адлік часу да развітання са школай.
Віншавалі рабят з новым навучальным годам таксама дырэктар Конькаўскага ВПК Аляксандр Новікаў, настаўнікі, бацькі.
Ад Беларускай федэрацыі футбола другакласнікі атрымалі мячы. Было шмат іншых радасных і запамінальных імгненняў на гэтым свяце ведаў. Па традыцыі перад пачаткам заняткаў прагучаў залівісты школьны званок.
Заўтрашнім выпускнікам даручылі важную місію: суправаджаць пачаткоўцаў на іх першы ўрок «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!», які правяла настаўніца Валянціна Кандратчык.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.