Там, дзе гаспадарыць кніжнасць. У мінулую нядзелю Слонім прымаў XXVI Дзень беларускага пісьменства.

У мінулую нядзелю Слонім прымаў XXVI Дзень беларускага пісьменства. Святочныя мерапрыемствы праводзіліся больш як на дзесяці пляцоўках горада.

У цырымоніі адкрыцця свята прыняў удзел намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч. Ён зачытаў гасцям і ўдзельнікам свята прывітальны адрас ад Кіраўніка дзяржавы.
Адной з асноўных падзей Дня беларускага пісьменства стала ўшаноўванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія» за творы, напісаныя ў 2018 годзе. Узнагароды лаўрэатам уручалі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і старшыня журы конкурсу прафесар Іван Саверчанка. «Нацыянальная літаратурная прэмія – гэта ўвасабленне сацыяльнай палітыкі дзяржавы, праяўленне клопату аб культуры і мастацтве, пісьменніцкай рабоце, духоўна-культурнай сферы», – адзначыў Іван Саверчанка.


У цэнтры Слоніма працавалі дзясяткі тэматычных пляцовак, выстаўка кнігі і прэсы. На друкарскім двары былі прадстаўлены прылады розных стагоддзяў, у тым ліку адноўлены станок часоў Францыска Скарыны. Праходзілі прэзентацыі кніг і аўтограф-сесіі. Агульную карціну дапоўнілі кулінарная выстаўка і майстар-класы традыцыйных рамёстваў.
Заключныя мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства прайшлі на галоўнай сцэне каля раённага Дома культуры. Майстры мастацтваў прадставілі праграму «Льецца песня па-над Шчарай». Адной з кульмінацый закрыцця свята стала ўрачыстая перадача эстафеты правядзення Дня беларускага пісьменства гораду Бялынічы Магілёўскай вобласці.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

– Усё было цудоўна, цікава, творча, усюды хацелася паспець, – дзеліцца ўражаннямі дырэктар Ляхавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч. Яна і яе калегі-бібліятэкары з задавальненнем пабывалі на свяце беларускага пісьменства ў Слоніме. І не проста ў якасці гасцей. Наша РЦБС адзначана дыпломам другой ступені ў ХХVII рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «за пошукавую і даследчую працу». Ляхавічане прадставілі на суд журы электронную кнігу «Невядомае аб вядомым: цікавыя факты аб Ляхавіччыне», падрыхтаваную калектывам раённай купалаўкі.