Усе сілы – на сілас. Амаль 6100 гектараў кукурузы вырасцілі гаспадаркі Ляхавіцкага раёна з мэтай зялёнай уборкі
Кукуруза ў гэтым годзе ўрадзіла па-рознаму. Карціна мяняецца ад поля да поля, ад гаспадаркі да гаспадаркі. Умовы надвор’я былі аднолькавыя для ўсіх, а вось падрыхтоўка палеткаў, тэрміны сяўбы, паўната і якасць догляду мелі адрозненні. Разам з паказчыкамі ўрадлівасці глебы ў кожным канкрэтным выпадку гэтыя фактары і стаяць у аснове важкасці зялёнага кукурузнага гектара. Як паказвае першы вопыт (а па стане на 9 верасня ўбрана каля 14 працэнтаў палеткаў), ураджайнасць адрозніваецца істотна.
Амаль 6100 гектараў гэтай культуры вырасцілі гаспадаркі раёна з мэтай зялёнай уборкі. Самым буйным кукурузасейбітам з’яўляецца ААТ «Жарабковічы» – 1455 гектараў. Клін «Шляху новага» нязначна вузейшы – на 160 гектараў. За тысячу адзінак плошчы складаюць палявыя запасы кукурузы ў КСУП «Ліпнянка», 825 – у райаграсэрвісе, 620 – у «Белпрампрыборы», 400 – у «Ляхавіцкім», без малога 500 – у «Начы».
Узгаданая апошняй гаспадарка значыцца першай у раёне па ўраджайным паказчыку: 384 цэнтнеры зялёнай масы начаўскія аграрыі падымаюць з кожнага гектара. За «Начай» адзначаецца і яшчэ адно першынство сіласанарыхтоўчага рэйтынгу: трэцяя частка з пасеянага ўжо ўбрана, сабрана, закладзена на захоўванне больш за 6110 цэнтнераў зялёнай масы. На другім радку ў табліцы ўраджайнасці значацца «Жарабковічы» – 352 цэнтнеры прадукту на круг па выніках уборкі прыкладна дзясятай часткі пасяўнога кліна. Фактычна на тым жа ўзроўні трымаецца па ўраджайнасці СВК «Ляхавіцкі», які выканаў ўборку на 15 працэнтах плошчаў. Найменш іншых на гэтым этапе ўборкі дае сярэдні кукурузны гектар у «Белпрампрыборы» і «Ліпнянцы» – 200 і нязначна больш цэнтнераў зялёнай масы.
Між тым, тэмпы кукурузных работ у гаспадарках Ляхавіччыны жадаюць быць лепшымі. Аб чым, у прыватнасці, узгадвалася падчас апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама. Па словах кіраўніка раёна Аляксандра Камінскага, вельмі нізкай застаецца дзённая выпрацоўка на сярэдні кормаўборачны камбайн. А час не чакае, яшчэ і з пункту гледжання таго, што пасля кукурузы корманарыхтоўшчыкам належыць папрацаваць на травах.
Іван КАВАЛЕНКА.