Форум творчасці. Мінулы аўторак сабраў у тэлерадыёкампаніі «Брэст» творчую моладзь з усёй вобласці

Мінулы аўторак сабраў у тэлерадыёкампаніі «Брэст» творчую моладзь з усёй вобласці – тых, хто ў сваёй прафесійнай дзейнасці неразрыўна звязаны з маладзёжнай тэматыкай. Абласны форум журналістаў «Слова маладых», арганізаваны абкамам БРСМ сумесна з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, аб’яднаў тых, хто не толькі асвятляе дзейнасць маладзёжнай арганізацыі, але і сам актыўнічае ў ёй.
Сустрэча ў фармаце адкрытага дыялога дазволіла абмяняцца вопытам узаемадзеяння журналістаў з БРСМ, высветліць, як наладжана сувязь з групамі ў сацыяльных сетках. Часам многія немаштабныя, але неабходныя і важныя справы маладых застаюцца незаўважанымі. Але і СМІ гатовы іх падтрымаць. Акрамя гэтага, абмяркоўвалася, як дапамагчы мадэратарам груп зрабіць кантэнт больш якасным.
Першы сакратар абласнога камітэта ГА БРСМ Юрый Сегянюк падзякаваў прысутным за тое, што дазваляюць грамадскасці больш падрабязна даведацца, чым жыве актыўная моладзь, прыцягнуць аднадумцаў да шматлікіх спраў. А многія яшчэ і актыўна прымаюць удзел у грамадскім жыцці сваіх рэгіёнаў, адзначыў начальнік аддзела па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Саюк.
Дарэчы, чаму менавіта ў гэты час адбылася сустрэча? Па-першае, грамадскае аб’яднанне 6 верасня адзначыла свой дзень нараджэння, а 8 верасня ў календары пазначаны як міжнародны дзень салідарнасці журналістаў.
Дырэктар ТРК «Брэст» Ларыса Дабрадомава правяла экскурсію па тэлерадыёкампаніі і прыадкрыла некаторыя сакрэты тэлевізійнай «кухні».
А заключным урачыстым момантам стала ўзнагароджанне журналістаў рэгіянальных СМІ граматамі за асабісты ўклад у асвятленне дзейнасці БРСМ і мерапрыемстваў па рэалізацыі асноўных напрамкаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Брэсцкай вобласці.
Маргарыта КУХТА.