Месца спаткання – Петухоўшчына. Петухоўшчына – неверагодна прыгожы куток Ляхавіччыны, дзе жывуць 18 чалавек /абноўлена/

Столькі гасцей вёска Петухоўшчына не бачыла даўно. Да фэсту рыхтаваліся не толькі пастаянныя жыхары (іх усяго 18), але і тыя,
хто даўно выляцеў з баць-коўскага гнязда і жыве зусім у іншым месцы, і так званыя дачнікі. Для кожнага з іх гэтыя прыгожыя мясціны сталі калі не першай, то другой малой радзімай.

– Нават не думалі, што збярэцца столькі народу. Аказалася, вельмі ж моцнае яно, прыцягненне роднай старонкі. Я і сам мог бы жыць ці ў райцэнтры, ці нават у сталіцы, але куды больш падабаецца тут, у маёй Петухоўшчыне, адсюль родам мама, тут жыве мая бабуля, – гаворыць адзін з ініцыятараў сустрэчы землякоў, спонсар мерапрыемства дырэктар ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы» Андрэй Голубеў. Гэта дзякуючы яго намаганням на месцы старой сядзібы раскінулася канцэртная пляцоўка, ды і шмат чаго іншага зроблена ў плане навядзення парадку.
Апладысментамі сустракалі аднавяскоўцы самых мудрых, багатых на ўзрост зямлячак: 91-гадовую Марыю Тумаш і 82-гадовую Зінаіду Беляновіч.
– Як пайшла з Пад’язаўля ў Петухоўшчыну замуж у 1947 годзе, так і засталася тут назаўжды. З мужам разам пражылі душа ў душу больш за паўстагоддзя. Выгадавалі чацвёра дзяцей, вось ужо 20 гадоў я ўдава, але адзінокай сябе ніколі не адчуваю. У мяне кла-патлівыя дзеці, унукі, праўнукі, – расказвае Марыя Тумаш.
– Петухоўшчына заўжды была не надта вялікай, але славілася мнагадзетнымі сем’ямі. Хоць і цяжка даводзілася нашым бацькам, яны з любоўю і пяшчотай выхоўвалі нас. Сябравалі паміж сабой усе, –далучаецца да размовы Вольга Мамановіч, якая цяпер жыве ў Задвор’і.
На сцэну падымаецца чарговы намінант – мнагадзетны бацька Андрэй Беляновіч. У іх з жонкай Наталляй трое хлапчукоў. Старэйшы, 16-гадовы Мікалай, вучыцца ў каледжы ў Мінску, сярэдні, 12-гадовы Іван, – сямікласнік СШ № 1, Аляксандру ўсяго два годзікі – ён самы малодшы жыхар Петухоўшчыны.
Са святам вёску і яе жыхароў віншавалі кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Леанід Калбаса і старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак.

– Нарадзіўся я ў Петухоўшчыне ў 1942 годзе і пражыў тут 18 цікавых і незабыўных гадоў. Пакуль не паехаў вучыцца. Працаваў настаўнікам фізікі, дырэктарам у Куршынавіцкай школе. Кожны мясцовы жыхар ведае, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты ледзь не спалілі вёску. Яе выратавала мясцовая жыхарка Марыйка. Яна размаўляла на нямецкай мове, карнікі паслухалі жанчыну і не расправіліся з вёскай і яе жыхарамі, – прадаўжае размову заўзяты аматар гісторыі роднага краю Уладзімір Беляновіч, які хоць і даўно жыве ў Куршынавічах, але надзвычай любіць гэты мілы сэрцу куточак.
Далёка не кожнае свята вёскі можа пахваліцца такім калейдаскопам лепшых самадзейных артыстаў, якія выступалі на імправізаванай сцэне. Народная эксперыментальная вакальная група «Берагіня» Дараўскага СДК, народная эстрадная студыя «Экспрэс», клубныя работнікі з Тухавіцкага, Конькаўскага, Ураджайнінскага СДК сваёй творчасцю стваралі добры настрой землякам. У многім дзякуючы ім свята ўдалося на славу!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.